Арганізатары акцыі — журналістка Ірына Халіп, актывіст руху «Зубр» Мікіта Сасім і жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына — разьлічваюць, што грамадзяне а 8 вечара на 15 хвілінаў выключаць сьвятло ў кватэрах і запаляць на вокнах сьвечкі. Яны спадзяюцца, што ў акцыі салідарнасьці возьмуць удзел сотні тысяч людзей, у тым ліку за межамі Беларусі.
Акцыя салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў будзе праводзіцца чацьвёрты раз. Арганізатары лічаць, што менчукі складуць большую частку ад колькасьці ўдзельнікаў акцыі. Яны тлумачаць гэта тым, што большасьць інфармацыйных улётак і налепак распаўсюдзілі ў Менску. 14 студзеня ў цэнтры сталіцы на мосьце праз вуліцу Максіма Багдановіча ля гандлёвага цэнтру «На Нямізе» моладзь вывесіла расьцяжку: «16 — акцыя салідарнасьці».
Карэспандэнт Свабоды апытваў людзей на вуліцы. Высьветлілася, што людзі сталага ўзросту нічога пра акцыю ня ведалі, але ўсе выказваліся, што трэба маральна падтрымаць сваякоў зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, а таксама палітвязьняў Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Клімава, Міхаіла Марыніча і Валерыя Леванеўскага. Што тычыцца моладзі, то кожны трэці, спынены на вуліцы М.Багдановіча, ведаў пра акцыю. Крыніцай інфармацыі яны назвалі інтэрнэт-сайты.
(Ігар: ) «Народ усё ж ведае пра гэта. Сярод студэнцтва гэта карыстаецца попытам. У інтэрнатах запальваюць сьвечкі. Мае знаёмыя таксама… Ну, ідзе супраць такога… Але ў нас папросту такая дзяржава.»
Актывісты моладзевага руху «Зубр» паведамілі «Свабодзе», што налепкі з заклікам удзельнічаць у акцыі салідарнасьці ў цэнтры Менску вельмі хутка зрываюць супрацоўнікі міліцыі. Гаворыць Аляксандр Атрошчанка:
(Атрошчанка: ) «Нягледзячы на тое, што ўлады перашкаджаюць распаўсюду інфармацыі, новыя налепкі, новыя ўлёткі, новыя інфармацыйныя матэрыялы будуць зьяўляцца зноў і зноў. Гэта будзе адбывацца ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах краіны. Не толькі актывісты руху «Зубр», але й актывісты розных моладзевых арганізацый далучаюцца да распаўсюду матэрыялаў. Усе яны зробяць усё, каб як мага большая колькасьць людзей даведалася пра акцыю і далучылася да яе.»
Супраць двух актывістаў моладзевага руху «Зубр» Зьмітра Зубра і Аляксандра Казакова пракуратура Цэнтральнага раёну Менску распачала крымінальную справу. Іх затрымалі пасьля таго, як яны зрабілі графіці палітычнага зьместу і замацавалі налепкі з лягатыпам «16» на будынку Цэнтральнага суду. Хлопцаў абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня.
Сёньня а 6-й вечара некалькі дзесяткаў сяброў моладзевых незарэгістраваных рухаў зьбяруцца ў цэнтры сталіцы. Маладыя людзі будуць апранутыя ў джынсавую вопратку, якую яны абралі сымбалем пераменаў.
Радыё Свабода