Дзень беларуска-літоўскай салідарнасьці

17/01/2006

У Вільні акцыя салідарнасьці зь сем`ямі зьніклых і палітвязняў адбылася у трэці раз. На гарадзкую імпрэзу «Дзень беларуска-літоўскай салідарнасьці» сабралася больш за сотню чалавек, паведамляе «Радыё Свабода».

Віленская імпрэза да Дню салідарнасьці сабрала поўную залю людзей розных нацыянальнасьцяў, пераважна беларусаў і літоўцаў, — больш за сотню чалавек. Акцыя ладзілася у будынку Дому настаўнікаў на вуліцы Віленскай, гэта месца памятнае беларусам ранейшымі урачыстымі акадэміямі да Дню Волі.

Адбыўся імправізаваны мітынг на дзьвюх мовах, у якім бралі удзел і прадстаўнікі беларусаў, і літоўскія палітыкі. Адзін з выступоўцаў, дэпутат парлямэнту Ёнас Чэкуоліс, прамовіў ня толькі па-літоўску, але і па-беларуску. У залі побач з літоўскім быў разгорнуты бел-чырвоны-белы сьцяг.

Акцыю зладзіла моладзевая арганізацыя «Аб`яднаны цэнтар беларускіх ініцыятываў», да якіх далучыліся беларускія і літоўскія студэнты, прадстаўнікі розных беларускіх суполак. Паводле арганізатараў, акцыя скіраваная да шырокай грамадзкасьці. У распаўсюджаным загадзя паведамленьні, якое падалі многія інфармацыйныя агенцтвы і інтэрнэт-сайты у Літве, арганізатары заклікалі: «Лёзунг «За нашу і вашу волю!» дасюль актуальны, парасткам беларускай свабоды патрэбная ваша падтрымка!»

У часе акцыі упершыню у Літве адбыўся паказ мастацкага фільму Аляксандра Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», забароненага у Беларусі, а таксама былі прадстаўленыя слайды пра Беларусь, і рэтраспэктыва здымкаў Руселіка з ранейшых віленскіх акцыяў да Дню салідарнасьці. А восьмай гадзіне на 15 хвілінаў былі запаленыя белыя і чырвоныя сьвечкі.

Акцыя была адметная увагай разнастайных сродкаў масавай інфармацыі Літвы, як на літоўскай, так і на іншых мовах, — беларускай, польскай, расейскай. Гэта трэцяя акцыя беларуска-літоўскай салідарнасьці. Два месяцы таму упершыню адбыўся шлях салідарнасьці па усім значным для беларусаў мясьцінам Вільні, дзе запальваліся сьвечкі, і а восьмай гадзіне вечара 16 сьвечак былі запаленыя перад брамай амбасады РБ у Літве. 16 сьнежня летась акцыя салідарнасьці адбылася ля Вострай брамы, там жа былі запаленыя сьвечы, а ва уніяцкай царкве Трох віленскіх пакутнікаў у Базыльянах адбылася літургія па-беларуску і малебен за Беларусь.


Хартия-97