ПАРЭ заклікала да міжнароднай ізаляцыі рэжым Лукашэнкі

26/01/2006

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заклікала да міжнароднай ізаляцыі аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і падтрымала дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі.

У часе сёньняшняй сэсіі ў Страсбуры Асамблея прыняла спэцыяльную рэзалюцыю па Беларусі. Яна грунтавалася на справаздачы, падрыхтаванай прадстаўніком Азэрбайджану ў ПАРЭ Асімам Малазадэ.

81 дэпутат былі «за», 15-супраць, а 4 ўстрымаліся. У рэзалюцыі, у прыватнасьці, асуджаецца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. «У адрозьненьне ад усіх астатніх эўрапейскіх краін, Беларусь не выконвае неабходныя ўмовы ў галіне плюралістычнай дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека, каб стаць сябрам Рады Эўропы»-гаворыцца ў дакумэнце.

У рэзалюцыі адзначаецца неабходнасьць падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі дзеля яе кансалідацыі і заклікаюцца міжнародныя арганізацыі, уключна з Эўразьвязам і АБСЭ, выпрацаваць сумесную стратэгію дапамогі дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі.

Асамблея заклікала пашырыць сьпіс чыноўнікаў беларускага кіраўніцтва, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

У часе сэсіі ПАРЭ дакладчык палітычнага камітэту Рады Эўропы ў справах Беларусі Андрэс Хэркэль заявіў:

(Хэркель: ) «Як нам усім вядома, на жаль, Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая, у адрозьненьне ад іншых, не выконвае стандартаў дзеля таго, каб стаць сябрам нашай дэмакратычнай супольнасьці. …Перш за ўсё я хачу згадаць так званы антырэвалюцыйны закон, а дакладней — цэлы пакет розных законаў. Мне вельмі не падабаецца сама фармулёўка «антырэвалюцыйны закон». Праўдападобна, больш трапным быў бы назоў «антыдэмакпратычны закон». Гэта пакет законаў накіраваных супраць грамадзтва ў цэлым, супраць усяго беларускага народу».

У часе сэсіі АБСЭ шмат увагі было прысьвечана палітычным зьнікненьням у Беларусі. Аўтар справаздачы «Зьніклыя людзі ў Беларусі», дакладчык камітэту юрыдычных справаў і правоў чалавека Рады Эўропы Хрыстас Пугрурыдэс заклікаў зьбіраць і захоўваць усю даступную інфармацыю пра гэта.

(Пургурыдэс: ) «Карыстаючыся нагодай, я хачу настойліва заклікаць усіх беларусаў, якія валодаюць зьвесткамі, датычнымі зьнікненьня людзей ў Беларусі, перадаць іх мне, альбо ў сакратарыят юрыдычных спраў і правоў чалавека. Мы хочам надзейна сабраць гэтую інфармацыю і захаваць яе для скарыстаньня ў будучыні. Лукашэнка імкліва становіцца на шлях дыктатараў многіх іншых краінаў».

У прынятай рэзалюцыі заклікаецца да правядзеньня незалежнага расьсьледваньня зьнікненьняў лідэраў апазыцыі і журналіста.

У сэсіі ПАРЭ ўзяў кандыдат на прэзыдэнта аб аб’яднанай апазыцыі-Аляксандар Мілінкевіч. Выступаючы перад удзельнікамі сэсіі, ён заявіў, што «на сёньняшні дзень у Беларусі няма ніякай дэмакратыі» і што «беларускае грамадзтва паралізаванае страхам».

(Мілінкевіч: ) «Няўжо могуць быць свабоднымі выбары ў сытуацыі, калі крытыка на адрас ўладаў разглядаецца як атака супраць дзяржавы? Са студзеня гэтага году такая крытыка лічыцца крымінальным злачынствам. Ці ж могуць быць свабоднымі выбары ў краіне, дзе не існуе незалежнага радыё і тэлебачаньня? Год таму прэзыдэнт краіны парушыў Канстытуцыю і арганізаваў рэфэрэндум, які дазволіў яму балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы на трэці тэрмін. Ні мы, ні дэмакратыі ўсяго сьвету не прызналі гэтага рэфэрэндуму».

Сёньня Мілінкевіч мае сустрэцца з генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэвісам, прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам і дакладчыкам Групы за Дэмакратычную Беларусь Стывэнам Гоўардам. У панядзелак адбудзецца сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з міністрамі замежных спраў Эўразьвязу.

У сэсіі ПАРЭ ўдзельнічаў таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў. У часе свайго выступленьня ён заявіў, што «ў Беларусі ня будзе ніякай каляровай рэвалюцыі».

(Канаплёў: ) «Я магу Вас запэўніць, што рэвалюцыі ў Беларусі не атрымаецца: ні аранжавай, ні джынсавай, і ніякай іншай. Проста народ гэтага не падтрымае. Мы не разумеем, а магчыма і разумеем, за што вы атакуеце Рэспубліку Беларусь. У нашай краіне сытуацыя ня горшая, а ў многім нават лепшая, чым ў іншых рэгіёнах. Магчыма за тое, што мы не становімся на калені перад Злучанымі Штатамі. А што з таго, калі станем на калені? Што Эўропа выйграе ад гэтага?»

У якасьці адзінага дэлегата Парлямэнцкай Асамблеі беларускае кіраўніцтва падтрымаў сябра расейскай дэлегацыі, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімір Жырыноўскі.

Радыё Свабода