Жырыноўскаму нагадалі пра беларускіх зьніклых

26/01/2006

Сёньня ў Страсбуры, каля будынку ПАРЭ, дзе абмяркоўвалася беларускае пытаньне, каля дзесяці беларусаў з Бэльгіі і Францыі наладзілі пікет, у часе якога ўручылі, сярод іншых, расейскаму палітыку Уладзіміру Жырыноўскаму кніжку пра зьніклых беларускіх апазыцыянэраў.

Чатырохгадзінны пікет арганізавалі сябры Беларускага эўрапейскага задзіночаньня, якія прыехалі з Бэльгіі — ужо на месцы да іх далучыліся беларусы што жывуць у Страсбуры.

(Лазарчук: ) «Мы падкрэсьліваем сваёй прысутнасьцю, што мы — прызнаныя палітычныя імігранты, а гэта значыць, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, перасьледуюцца незалежныя мэдыі, перасьледуюць апазыцыю, ёсьць палітзьняволеныя, не расьсьледаваныя справы зьніклых. У Беларусі рэжым існуе дзякуючы расейскай падрымцы, а значыць цяперашнія расейскія ўлады нясуць за ўсё гэта частковую адказнасьць, падтрымліваючы рэжым».

Прысутныя трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду незалежным мас-мэдыям»», «Не — палітычным зьнікненьням і арыштам ў Беларусі!», «Расея, хопіць падтрымліваць Лукашэнку». Пікет выклікаў зацікаўленасьць журналістаў і палітыкаў, у тым ліку і з Расеі. Да ўдзельнікаў акцыі, сярод іншых, падыйшоў расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі.

(Лазарчук: ) «Жырыноўскі вёў сябе цывілізавана, я б сказаў. Ён адразу сказаў, што ведае, што мы прызнаныя палітычныя імігранты, але будзе падтрымліваць Лукашэнку. Мы ўручылі яму кніжкі пра зьніклых на расейскай мове, каб ён перадаў расейскай дэлегацыі, што знаходзіцца ў Страсбуры».


Радыё Свабода