Судзьдзя Партызанскага раёну Ала Дзямінская прысудзіла 15 сутак арышту аднаму з каардынатараў незарэгістраванага моладзевага руху Зубр Яўгену Афнагелю. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Яўген адпрэчыў абвінавачаньні ў судзе, патлумачыўшы, што яго беспадстаўна затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Афнагель заявіў карэспандэнту Свабоды, што лічыць прысуд спробай ізаляваць грамадзка актыўных дзеячоў на час заплянаваных моладзьдзю вулічных акцый.
Учора ўвечары ў цэнтры Менску байцы спэцназу міліцыі затрымалі 22 чалавекі з моладзевых апазыцыйных рухаў. Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну ўзялі ў затрыманых адбіткі пальцаў і зьнялі маладых людзей на відэа «для службовага архіву». Прычынаў затрыманьня нікому не паведамілі. Каля 11-й гадзіны вечара ўсіх адпусьцілі, апроч Яўгена Афнагеля, якога абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Яўген Афнагель ужо некалькі разоў адбываў пакараньне ў спецпрыёмніку на вуліцы Ахрэсьціна за ўдзел у акцыях апазыцыі.
Радыё Свабода
На фото: Евгений Афнагель