Cёньня ў Беларусі адбудуцца чарговыя акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і ахвяраў палітычных рэпрэсій. Арганізатары — шэраг грамадзкіх актывістаў — заклікаюць людзей 16-га дня кожнага месяца а 8 вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло ды запаліць на вокнах сьвечкі. Ці падтрымліваюць акцыю салідарнасьці 16-га беларускія творцы? Заангажаваныя ў дзяржаўныя структуры асьцерагаюцца адказваць на пытаньні, зьвязаныя з палітыкай. А з адказаў незалежных асобаў вынікае, што аднадумства да акцыі салідарнасьці няма.
Маё тэлефанаваньне засьпела поп-сьпявачку Ірыну Дарафееву проста ў грымёрцы:
(Дарафеева:) «Шчыра кажучы, я не хачу адказваць ані на якія палітычныя пытаньні».
Пісьменьнік і мастак Адам Глёбус не хавае свайго скептыцызму:
(Глобус:) «Гэта няправільныя акцыі, бо маламастацкія. Бо нічога з гэтага ня выйдзе. Тым больш, гэта ня першы раз. Ёсьць такія ініцыятывы, якія проста надакучылі. «Давайце выставім сьвечкі», потым: «Вы не выставілі сьвечкі, што гэта за народ?». Ёсьць яшчэ пэўныя журналісты, якія абальюць гразёю мой народ, які ня ў лепшым стане».
Лідар гурту NRM Лявон Вольскі ў 1995 годзе сам удзельнічаў у акцыях пэрформансах. Напрыклад, расклейваў улёткі з абсурднымі заклікамі ў спадзеве прыцягнуць увагу грамадзкасьці да абсурду ў навакольнай рэальнасьці. Лявон Вольскі прызнаўся, што цяпер займаецца толькі музыкай:
(Вольскі:) «Мне сорамна сказаць, але я забываюся. Пару разоў я быў у Польшчы, але жонка ставіла. Я лічу, што любая ініцыятыва, гэта ўжо штосьці, бо цяпер не хапае крэатыву. Такая форма работы з народам, як мітынг, канцэрт у падтрымку, раскіданьне улётак не дае плёну, бо гэта адбываецца цягам дванаццаці гадоў. Таму ініцыятыва са сьвечкамі, гэта штосьці сьвежае. Насамрэч, нашым правадырам і паліттэхнолягам трэба падумаць, што ж яшчэ зрабіць цікавага. Жывей трэба, бліжэй да народу трэба рабіць».
А вось кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін да ідэі сьвечак у вокнах ставіцца з энтузіязмам:
(Халезін:) «Выстаўляю, бо гэта мой абавязак. Таму што гэта мая краіна, таму што ў ёй сядзяць людзі, таму што ў ёй забілі людзей. Бо цяпер поўныя турмы палітзьняволеных, гэта ўсё мае таварышы, тыя зь кім я разам працаваў. З многімі зь іх зьвязваюць чалавечыя, сяброўскія адносіны”.
(Карэспандэнт:) «Ёсьць такое меркаваньне, маўляў, людзі выстаўляюць сьвечкі, і тым самым падстаўляюцца — вось тут сядзяць праціўнікі рэжыму».
(Халезін:) «Дык я проста кажу — я праціўнік гэтага рэжыму. Мне няма чаго баяцца, таму я і выстаўляю ў вокны сьвечкі, і магу на плошчы стаяць са сьвечкай».
Сёньня Мікалай Халезін сярод іншых запаліць сваю сьвечку ў цэнтры Менску.
Радыё Свабода