Праваабаронцы патрабуюць ад міжнароднай супольнасці ўвагі да Беларусі

22/02/2006

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае рашучы пратэст супраць хвалі ціску і запалохваньняў актывістаў грамадзянскай супольнасьці, якая пракаціліся 21 лютага 2006 г. па шматлікіх гарадах Беларусі. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі наладзілі ператрусы ў прыватных кватэрах і офісах грамадзкіх актывістаў у Наваполацку, Брэсьце, Магілёве, Жлобіне, Менску і іншых гарадах краіны. Пры гэтым канфіскоўвалася кампутарнае абсталяваньне, носьбіты інфармацыі, іншая тэхніка.

Фармальнай падставай для масавых ператрусаў і затрыманьняў актывістаў грамадзянскай супольонасьці выкарыстоўвалася Пастанова пракуратуры г. Менску аб правядзеньні вобыскаў у межах узбуджанай крымінальнай справы па ч. 1. арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь (паклёп у адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Дзесяткі грамадзкіх актывістаў па ўсёй краіне затрыманыя і дапытаныя ў якасьці сьведкаў супрацоўнікамі КДБ. Пры гэтам людзі запалохваліся, на іх аказваўся непрыхаваны маральны і псіхалагічны ціск.

«Масштабная акцыя запалохваньня беларускага грамадзтва з боку беларускіх уладаў адбываецца на фоне хлусьлівых, тэндэнцыйных матэрыялаў аб прадстаўніках беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасьці ў дзяржаўных беларускіх СМІ», — гаворыцца ў заяве.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае дадзеныя дзеяньні ўладаў як агульнанацыянальную акцыю запалохваньня і ціску на грамадзянаў краіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці, праваабарончыя арганізацыі выкарыстаць усе магчымыя міжнародныя механізмы і аказаць ціск на афіцыйныя ўлады Беларусі з мэтай спыненьня рэпрэсіўнай машыны рэжыму.