Газэты Цэнтральнай Эўропы надрукавалі карыкатуры на Лукашэнку

27/02/2006

Сёньня вядучыя газэты Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыны надрукавалі карыкатуры Аляксандра Лукашэнкі на знак салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў і мультфільмаў пра кіраўніка беларускай дзяржавы, якім пагражае турэмнае зьняволеньне.

«Мы хочам паказаць прэзыдэнту Беларусі, што сьмех — гэта зброя дэмакраты», — гэтымі словамі пачынаецца тэкст пад карыкатурамі на Аляксандра Лукашэнку, што надрукаваў сёньня найбольш масавы польскі штодзёньнік «Gazeta Wyborcza».

Акрамя «Газэты Выбарчай» да акцыі салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў і сатырычных мультфільмаў, далучыліся папулярная чэская газэта «Lidove Noviny», вугорскі штодзёньнік «Magyar Hirlap» і вядучая славацкая газэта «Sme» (нагадаем, яе карэспандэнту беларускія ўлады нядаўна не дазволілі ўезд на тэрыторыю Беларусі).

У «Газэце Выбарчай» кажуць, што газэта нягледзячы на тое, што ў Беларусь не пусьцілі і яе карэспандэнта, будзе ўсяляк змагацца супраць абмежаваньня права на доступ да інфармацыі ў Беларусі, у тым ліку і празь сьмех, «якога ня любіць і баіцца кожная дыктатура».

(Стасіньскі: ) «Трэба пратэставаць супраць таго, што адбываецца ў Беларусі. Нельга пагадзіцца з рэпрэсіямі. Таму мы пратэставалі і будзем пратэставаць усімі магчымымі спосабамі», — сказаў Радыё Свабода Пётра Стасіньскі — намесьнік галоўнага рэдактара «Газэты Выбарчай».

Былыя ўдзельнікі антыкамуністычных рухаў у Польшчы таксама кажуць, што сьмех можа быць эфэктыўнай зброяй у барацьбе супраць недэмакратычных уладаў. Гаворыць Генрык Вуец — адзін са стваральнікаў і лідэраў «Салідарнасьці», які ўжо ў вольнай Польшчы стаў дэпутатам і міністрам.

(Вуец: ) «Гэта, канечне, вельмі добрая зброя. Ва ўмовах рэжыму людзям нярэдка цяжка змагацца адкрыта, бо гэта пагражае турмой ці звальненьнем з працы. У камуністычнай Польшчы было вельмі шмат палітычных анэкдотаў, зьяўленьне якіх улады ніяк не маглі спыніць. Ці знаная «памаранчавая альтэрнатыва» — слова памаранчавы, напэўна, Лукашэнку не спадабалася б — людзі ў памаранчавых кашулях, пераапранутыя ў строі гномаў раздавалі мінакам на вуліцы туалетную паперу, а чалавек, апрануты як міліцыянт — ён называў сябе маёр Фрыдрых — разганяў гномаў. Так сьмяяліся зь міліцыянтаў, якія разганялі дэманстрацыі. Такія акцыі, як зрабіла «Gazeta Wyborcza», дапамагаюць зразумець, што з гэтага дыктатара можна пасьмяяцца".

 

Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода

На фото: карикатура в словацкой газете «SME»