У Кіеве стартавала ініцыятыва па абвяшчэньню пэрсонамі нон-грата шэрагу беларускіх палітыкаў. Грамадзкія арганізацыі патрабуюць адэкватнага адказу на дэпартацыю ўкраінскіх журналістаў зь Беларусі.
Украінскія грамадзкія арганізацыі й актывісты накіравалі адкрыты зварот прэзыдэнту, прэм’ер-міністру і міністру замежных справаў Украіны з патрабаваньнем адэкватнай рэакцыі на дзеяньні афіцыйнага Менску.
Грамадзкія актывісты заклікаюць прэзыдэнта і ўрад Украіны далучыцца да рашэньня Эўрапейскай камісіі і забараніць уезд ва Ўкраіну адыёзным фігурам беларускага рэжыму, якія маюць непасрэднае дачыненьне да грубага і сыстэматычнага парушэньня правоў чалавека.
У прыватнасьці, яны патрабуюць абвясьціць ва Ўкраіне пэрсонамі нон-грата кіраўніка перадвыбарчага штабу Лукашэнкі Віктара Шэймана, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Сівакова, цяперашняга міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава і кіраўніка спэцыяльнага аддзелу хуткага рэагаваньня Дзьмітрыя Паўлічэнку.
Павло Зуб’юк
Радыё Свабода