Мадлен Олбрайт: «Ураду Беларусі ня варта чакаць павагі…»

07/03/2006

Заснаваны ў Вашынгтоне Нацыянальны дэмакратычны інстытут абнародваў заяву пра сытуацыю ў Беларусі.

Як заявіла старшыня рады дырэктараў інстытуту, былая Дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт,«Нацыянальны дэмакратычны інстытут асуджае спробу беларускіх уладаў адмовіць сваім грамадзянам у рэалізацыі іх фундамэнтальнага права — праводзіць мірнае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта 19 сакавіка».

«Мы абураныя нядаўнімі арыштамі грамадзкіх актывістаў і абвінавачаньнямі на адрас арганізацыі «Партнэрства», якае зацікаўленая толькі ў тым, каб спрыяць працэсу арганізацыі дэмакратычных выбараў і праводзіць мірнае назіраньне за ім,» — гаворыцца ў заяве.

Нацыянальны дэмакратычны інстытут заклікае ўрад Беларусі неадкладна вызваліць арыштаваных і даць ім магчымасьць бесперашкодна працягнуць сваю законную дзейнасьць у справе назіраньня за выбарамі.

Як заявіла Мадлен Олбрайт, «ураду Беларусі ня варта чакаць павагі з боку міжнароднай супольнасьці, калі ён не зьбіраецца паважаць міжнародныя нормы».