8 сакавіка Джордж Буш згадаў Ірыну Красоўскую і Святлану Завадзкую

08/03/2006

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага Жаночага дня асаблівую ўвагу зьвярнуў на лёс жанчын, каму выпала жыць у несвабодных краінах. Ён адзначыў, у прыватнасьці, што жанчыны ў Аўганістане, поўнасьцю прыніжаныя ў часы кіраваньня талібаў, «пачынаюць дыхаць цудоўнай атмасфэрай свабоднага грамадзтва». Буш адзначыў, што жанчыны ў шэрагу краінаў, Іране, Паўночнай Карэі і Бірме, яшчэ змагаюцца за свае правы. Прэзыдэнт згадаў таксама пра сустрэчу ў Вашынгтоне з дзьвюма беларускімі жанчынамі, жонкамі зьніклых — Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.

(Буш: ) «Днямі я прывітаў дзьвюх жанчын зь Беларусі, якія занепакоеныя рэпрэсіўным характарам беларускага рэжыму. Мы падтрымліваем жанчын у Беларусі, якія абараняюць чалавечыя правы напярэдадні выбараў».

Нагадаем, што Буш прыняў Ірыну Красоўскую і Сьвятлану Завадзкую 27 лютага ў Белым Доме. Прэзыдэнт ЗША цікавіўся іхным асабістым жыцьцём, пытаўся пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і цікавіўся прэзыдэнцкімі выбарамі. Паводле Ірыны Красоўскай, сустрэча з амэрыканскім прэзыдэнтам, гэта знак падтрымкі дэмакратычных сілаў ў Беларусі з боку ЗША.

(Красоўская: ) «Гэта вялікая падзея для нас асабіста і для ўсёй нашай краіны, таму што мы адчуваем вялікую падтрымку з боку ЗША ўсім людзям у Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратыю».

Такую ж думку выказаў пасьля сустрэчы прадстаўнік Белага Дому Скот Маклэлан: «Прэзыдэнт хоча падкрэсьліць сваю асабістую падтрымку іхным высілкам дамагчыся правасудзьдзя ў справах зьніклых, гэтак сама, як і высілкам тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь».