«Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі кепскім і пагоршылася ў шэрагу галінаў. Улады працягваюць дапускаць шматлікія сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека», — такая галоўная выснова робіцца ў штогадовай справаздачы аб правох чалавека ў розных краінах сьвету, складзенай Дзярждэпартамэнтам ЗША і апублікаванай сёньня.
У справаздачы гаворыцца, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка сыстэматычна разбураў дэмакратычныя інстытуцыі ў краіне і канцэнтраваў уладу шляхам рэфэрэндумаў, маніпуляваных выбараў і недэмакратычных законаў і нарматыўных актаў.
Парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум у 2004 годзе не адпавядалі міжнародным стандартам, грамадзянская супольнасьць знаходзіцца пад жорсткім кантролем спэцслужбаў.
У справаздачы пералічаны галіны, у якіх правы чалавека ў Беларусі не не датрымліваюцца ці ці ўціскаюцца. Вось некаторыя зь іх:
— грамадзяне пазбаўленыя права мяняць урад шляхам празрыстага дэмакратычнага працэсу;
— улады ня здольныя даць справаздачу аб зьнікненьнях апазыцыйных палітыкаў і журналіста;
— гвалт і выпадкі катаваньняў вязьняў і затрыманых;
— адвольныя арышты людзей паводле палітычных матываў;
— закрыцьцё незалежных газэтаў і ўмяшаньне ў іх дзейнасьць;
— пазбаўленьне людзей права на свабоду сходаў і гвалтоўнае здушэньне мірных дэманстрацыяў.
Гэта частка сьпісу парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якія адзначаюцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША.
У разьдзеле «Арышты і затрыманьні» са спасылкай на справаздачу адмысловай групы ААН адзначаецца, што ўмовы ў камэрах часовага ўтрыманьня яшчэ горшыя, чым у турмах; як прыклад прыгадваецца сьпецразьмеркавальнік МУС у Менску на вуліцы Акрэсьціна, куды часта трапляюць палітычныя актывісты. Сёньня, як мы паведамлялі, туды трапіў Вінцук Вячорка і іншыя актывісты выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча.
У гэтым жа разьдзеле гаворыцца пра шматлікія арышты і затрыманьні з палітычных матываў, адзначаюцца справы Міхаіла Марыніча і Сяргея Скрабца, якія доўгі час правялі за кратамі, чакаючы суду. Прыгадваецца справа Галіны Жураўковай, якая была асуджаная за крадзеж 3,5 мільёнаў даляраў, але пасьля вынясеньня прысуду не адбывала пакараньне ніводнага дня.
У справаздачы падрабязна апавядаецца пра лёс людзей, якіх Дзярждэпартамэнт ЗША лічыць палітычнымі вязьнямі: Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Клімава, Валера Леванеўскага, Міхаіла Марыніча.
У разьдзеле, які тычыцца свабоды слова, расказваецца пра лёс незалежных выданьняў, якія зьведалі рэпрэсіі — газэты «День», «Мясцовы час», «Витебский курьер», «Курьер из Борисова», «БДГ», «Народная воля» і шмат іншых.
Падрабязна пералічаюцца выпадкі дэпартацыі зь Беларусі з палітычных прычынаў замежных журналістаў і палітыкаў.
У частцы, прысьвечанай акадэмічным свабодам, прыгадваецца выпадак з выключэньнем зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяны Хомы за паездку на моладзевы форум у Францыю.
Гэта першыя вынікі беглага агляду вялікага дакумэнту памерам з 60 старонак. Варта сказаць, што параўнальна невялікае месца ў дакумэнце займаюць ацэнкі. Большая частка тэксту — гэта сухі пералік фактаў, імёнаў і інцыдэнтаў: што адбылося, калі і з кім.
Юры Дракахруст
Радыё Свабода