У Бэльгіі пачаў працу Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасьці, мэта дзейнасьці якога — дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Фонд ужо падтрымаў некалькі асобаў, якія пацярпелі ад рэжыму.
Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасьці — гэта грамадзкая ініцыятыва, арганізаваная беларускімі грамадзянамі новай хвалі палітычнай эміграцыі, а ў праграмнай радзе фонду — вядомыя беларускія дзеячы, Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Жанна Ліцьвіна ды іншыя.
Дырэктар фонду, супрацоўнік сакратарыяту віцэ-сьпікера Эўрапарлямэнту Януша Анышкевіча Янка Чурыловіч кажа, што плянавалася пачаць працу арганізацыі крыху пазьней, калі будзе цалкам сфармаваная назіральная рада, аднак апошнія гвалтоўныя арышты ў Беларусі прымусілі прыняць рашэньне аб пачатку актыўнай дзейнасьці фонду ўжо цяпер.
(Чурыловіч: ) «Даўно было вядома, што людзі, якія церпяць ад рэжыму — атрымліваюць штрафы ці сядзяць у вязьніцах — нярэдка заставаліся без абароны. Калі беларускае пытаньне стала ўздымацца на такім высокім узроўні, мы зразумелі што ідэя фонду мае шанец на рэалізацыю».
Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасьці ўжо дапамог некалькім асобам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў беларускіх уладаў.
(Чурыловіч: ) «Атрымаць нашую дапамогу могуць тыя, хто займаецца палітычнай ці грамадзкай дзейнасьцю і церпяць ад рэжыму. Таксама і журналісты. Галоўная мэта працы фонду — дапамога ахвярам лукашэнкаўскага рэжыму».
Грошы ў фонд можа накіраваць кожны — незалежна ад краіны у якой гэты чалавек знаходзіцца ці памеру пералічанай сумы.
(Чурыловіч: ) «Запатрабаваньне, на жаль, будзе расьці. Я б асабіста не хацеў, каб так было, але калі ёсьць ахвяры, якіх перасьледуе рэжым, павінна быць і арганізацыя, асобы, якія ім дапамогуць. Гэта фонд салідарнасьці. Перадусім салідарнасьці прыватных асобаў з Эўразьвязу з прыватнымі асобамі ў Беларусі, якія церпяць ад перасьледу».
Па дадатковую інфармацыю, дапамогу ці з прапановамі Янка Чурыловіч параіў зьвяртацца на інтэрнэт-старонку www.belarussolidarity.org
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода