Эўрапарлямэнтары напісалі адкрыты ліст да беларускай апазыцыі

06/04/2006

Парлямэнтары розных фракцый Эўрапарлямэнту падпісалі адкрыты ліст, у якім выказваюць салідарнасьць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Гэты ліст ініцыявала дэпутатка зь Нямеччыны Элізабэт Шрэдтэр. У ім ухваляюцца дзеяньні дэманстрантаў на Кастрычніцкім пляцы. «Калі ніякія свабодныя выбары больш немагчымыя, мірныя дэманстрацыі зьяўляюцца адзіным шляхам, каб выказаць свой пратэст», — гаворыцца ў лісьце.

Дэпутаты таксама заяўляюць, што мірныя пратэсты мужных людзей у Беларусі былі ўвасабленьнем новай сілы ў Беларусі, якая «зможа прывесьці да дэмакратыі й эканамічнага ўзьлёту».

Дэпутаты патрабуюць, каб візавыя санкцыі з боку Эўразьвязу не абмяжоўваліся толькі пэрсонай Аляксандра Лукашэнкі, а былі пашыраны на асоб, якія мелі дачыненьне да фальсыфікацыі выбараў і ліквідацыі пратэстаў на Кастрычніцкім пляцы. Парлямэнтары абмяркоўваюць рэзалюцыю па Беларусі й прапануюць адмовіць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дэмакратычнай легітымнасьці.

 

Радыё Свабода