Сёньня, як і кожны месяц 16-га чысла, беларуская моладзь правяла шэраг акцыяў, адзначаючы дзень салідарнасьці. У Менску адбыўся пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна, пікет насупраць будынку КДБ, а таксама пікет ля расейскай амбасады.
Каля расейскай амбасады сабралася больш за сотню чалавек. Маладыя людзі трымалі ў руках сьвечкі як знак салідарнасьці з палітзьняволенымі. Яны выказвалі свой пратэст супраць той падтрымкі, якую Уладзімір Пуцін аказвае беларускаму рэжыму. За акцыяй назіралі прадстаўнікі кіраўніцтва міліцыі.
Раней насупраць будынку КДБ адбыўся флэш моб: маладыя людзі запоўнілі сквэр імя Дзяржынскага з асобнікамі беларускай Канстытуцыі, зь якой яны ўголас чыталі артыкулы, што гарантуюць свабоду сходаў, мітынгаў, свабоду выказваньняў. Удзельнікі таксама чыталі ўслых артыкулы з Выбарчага кодэксу. Спэцназ і міліцыя ачапілі сквэрык, аднак, на гэты раз абыйшлося без затрыманьняў.
Другі дзень у парку Дружбы народаў і ў лесапарку імя 50-годзьдзя БССР стаяць пікеты ў абарону экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.
Сёньня побач з актывістамі штабу Казуліна сталі людзі ў паўвайсковай вопратцы. Яны раздавалі мінакам улёткі і трымалі плякаты «сёньня — чорны эмігрант, заўтра — чорны акупант». Маёр міліцыі Савецкага РУУС папярэдзіў казулінцаў, што побач зь імі адбудзецца пікет супраць мігрантаў з краінаў Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу. Упершыню ў Беларусі адбыўся пікет такога кшталту.
Радыё Свабода