Ліст салідарнасьці ўжо падпісалі дзясяткі вядомых эўрапейскіх палітыкаў

07/04/2006

Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі падрыхтаваў ліст салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, які падпісалі дзясяткі вядомых людзей, у тым ліку і старшыня Эўрапарлямэнту Жазэп Барэль. Ліст гэтымі днямі будзе накіраваны Аляксандру Мілінкевічу.

У лісьце гаворыцца, што ў Беларусі арышты і зьбіцьцё ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, іх звальненьне з працы і шантаж сталіся «штодзённай справай», а сама Беларусь «застаецца апошняй дыктатурай у Эўропе, дзе «груба парушаюцца правы чалавека».

«Грамадзкі ўздым у Беларусі, які мы бачылі апошнім часам, давядзе да таго, што Беларусь стане вольнай і незалежнай дзяржавай, беларускі народ скіне таталітарнае ярмо і далучыцца да сям’і дэмакратычных эўрапейскіх народаў. У гэты час мы выказваем салідарнасьць зь беларускім народам, які змагаецца за свабоду, а змагацца за свабоду мае права кожны чалавек. Мы хочам перадаць вам слова і ідэю, дзякуючы якім наша краіна стала вольнай, гэта слова салідарнасьць», — гаворыцца ў звароце.

Старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антось Цялежнікаў сказаў «Радыё Свабода»:

(Цялежнікаў: ) «Гэта ліст салідарнасьці з усімі беларускімі патрыётамі, палітычнымі вязьнямі, якія былі арыштаваныя ў часе перадвыбарчай кампаніі, а таксама ў пэрыяд ад 19 па 25 сакавіка. Ліст падпісалі знаныя польскія і замежныя палітыкі, але таксама і прадстаўнікі польскай інтэлігенцыI».

Ліст, сярод іншых, падпісалі старшыня Эўрапейскага парлямэнту Жазэп Барэль, расейскі палітык Грыгоры Яўлінскі, а таксама легендарны паплечнік Леха Валэнсы Генрык Вуец.