Некалькі чалавек затрымана ў выніку разгону акцыі, якую ладзілі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Акцыя адбылася сёньня а 19-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і маючай адбыцца інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта.
Некалькі дзесяткаў сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, а таксама прадстаўнікоў незарэгістраваных моладзевых арганізацый сабраліся на Кастрычніцкай плошчы. Яны разгарнулі расьцяжку: «Не — фашызму!» І ўзьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі.
(Скандаваньне: ) «Жыве Беларусь!»
Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі выступіў перад прысутнымі:
(Беленькі: ) «Мы гаворым: Лукашэнка ня быў абраны прэзыдэнтам. Гэта — фальш. Мы гаворым: мы вольныя людзі, мы беларусы на сваёй зямлі! Тут заўтра плянуецца інаўгарацыя псэўдапрэзыдэнта. Яны думаюць пасьля брутальных акцый зьбіцьця беларускіх народ на каленях — гэта няпраўда! Беларусы любяць сваю Радзіму. Мы любім свабоду і дэмакратыю, і мы будзем свабоднай і дэмакратычнай краінай, таму што ў нас ёсьць цудоўная моладзь, якая тут пра гэта заявіла».
Адразу пасьля выступу Юрася Беленькага спэцназаўцы ў форменнай вопратцы і ў цывільным пачалі выціскаць людзей з плошчы ў бок вуліцы Янкі Купалы.
(Жанчына: ) «Вы, хлапцы, што — фашысты? Фашысты? Патрыёты беларускія? Халуі маскоўскія! Адпусьціце!»
У жанчынаў вырывалі сьцягі і кідалі іх у сьметніцы. На вуліцы Янкі Купалы спэцназаўцы ў форме вярнуліся на плошчу, а міліцыянты ў цывільным пайшлі за натоўпам. У выніку затрымана некалькі удзельнікаў акцыі. Сярод іх — Уладзімер Мікалаеў, Юрась Беленькі, Ільля Шыманскі і непаўнагадовы Вячаслаў Гурачэўскі. Іх адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну.
Радыё Свабода