Міжнародная ліга правоў чалавека заклікала прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша зрабіць «спэцыяльныя захады» ў адказ на наступ на правы чалавека і актывістаў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
«Прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі павінны сачыць за крызісам у Беларусі і прадстаўляць палітычны прытулак тым грамадзянам Беларусі, якія пакідаюць сваю краіна з-за страху за сваё жыцьцё», — заявіў кіраўнік Міжнароднай лігі правоў чалавека Робэрт Арсэнолт у сваім лісьце да прэзыдэнта ЗША.
Ліга рэкамэндуе адміністрацыі ЗША прызначыць адмысловага пасланьніка, які будзе каардынаваць кантакты з беларускай грамадзянскай супольнасьцю і міжнародныя захады, такія як увядзеньне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Міжнародная ліга Правоў чалавека таксама заклікала Джорджа Буша зрабіць публічны жэст падтрымкі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці падчас сустрэчы кіраўнікоў краінаў «вялікай васьмёркі».
Радыё Свабода