Сёньня эстонскі ўрад прыняў рашэньне аб забароне на ўезд у краіну прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і шэрагу іншых службовых асобаў Беларусі. Забаронена таксама выдаваць гэтым асобам транзытныя візы праз Эстонію.
Рашэньне эстонскага кабінэту было заснаванае на рэкамэндацыі Рады Эўразьвязу ўвесьці візавыя і іншыя санкцыі адносна беларускіх афіцыйных асобаў у сувязі з «масавымі парушэньнямі правоў чалавека і выбарчых стандартаў» напярэдадні і падчас прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 году.
Паводле прэсавай службы эстонскага ўраду, Эстонія мае намер ужыць адносна беларускіх урадоўцаў таксама і фінансавыя санкцыі.
Рашэньне аб забароне на ўезд у краіны Эўразьвязу Лукашэнку і яшчэ 30 беларускім афіцыйным асобам было прынятае ў красавіку Радай Эўразьвязу, якая складаецца зь міністраў замежных справаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу.
Радыё Свабода