У гадавіну рэфэрэндуму моладзь у Менску правяла некалькі акцый

14/05/2006

Некалькі прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі «Моладзь БНФ», а таксама так званыя «мобэры», якія ладзяць флэш-мобы на менскіх вуліцах, правялі некалькі акцый, прысьвечаных гадавіне рэфэрэндуму. 14 траўня 1995 году бел-чырвона-белыя сьцягі і герб «Пагоня» замянілі на новую атрыбутыку, якая прызнаная дзяржаўнай. Некалькі сотняў чалавек пасьля травеньскага рэфэрэндуму былі пакараныя арыштамі і штрафамі за спробу прайсьці з нацыянальнай сымболікай па гарадзкіх вуліцах.

Каля паўсотні моладзевых актывістаў ладзілі талаку на Маскоўскіх і Вайсковых могілках. Яны прабралі і ўпрыгожылі кветкамі і бел-чырвона-белымі стужкамі магілы Ўладзімера Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Чыгрынава, Міхаіла Ткачова.

Каля 20 сем’яў гулялі зь дзецьмі ў парку Горкага. Яны мелі значкі «За свабоду», бел-чырвона-белыя стужкі на вопратках. За імі ўвесь час сачылі супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыі. Яны трымалі ў руках чырвоных цукровых пеўнікаў, чым заслужылі шмат жартаў на свой конт з боку людзей. Людзі пасьля заканчэньня акцыі селі ў катэр і паплылі па Сьвіслачы. Дзеці трымалі бел-чырвона-белыя сьцяжкі.

Некалькі юнакоў і дзяўчат у аўтобусах 100-га маршруту замацавалі бел-чырвона-белыя стужкі. Яны віншавалі пасажыраў з днём дзяржаўнага сьцяга. Людзі станоўча рэагавалі на віншаваньні. Толькі ў адным аўтобусе кандуктарка ўчыніла скандал: яна пагражала, што выклікае міліцыю, калі хлопцы не сыдуць.

Дзяўчаты замацавалі звонку на трох тралейбусах і трамваях бел-чырвона-белыя стужкі, якія ўпрыгожвалі грамадзкі транспарт некалькі гадзінаў.

 


Любоў Лунёва
Радыё Свабода