Актывістаў «Партнэрства» пачнуць судзіць 20 ліпеня

01/06/2006

Справу грамадзкай незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» маюць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну Менску 20 ліпеня. Тым часам, адвакаты зьняволеных актывістаў працягваюць аспрэчваць неабходнасьць іх утрыманьня пад арыштам.

Пакуль што афіцыйнага паведамленьня ад судзьдзі Ясіновіча не было, ён — у адпачынку. Дату суду паведаміла сакратарка судзьдзі Ясіновіча.

Актывістаў «Партнэрства» абвінавачваюць ва ўдзеле у незарэгістраванай арганізацыі і ў замаху на правы грамадзянаў. Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Цімафей Дранчук знаходзяцца пад арыштам з 21 лютага.

Сваякі арыштаваных лічаць, што менавіта перад судом маладзёнам мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Гаворыць бацька Цімафея Дранчука Валеры:

(Дранчук: ) «Мы зараз выбіраем усе сродкі, каб абараніць нашых дзяцей. Абараніць — гэта значыць вызваліць іх з-пад варты да суда. Самы складаны пэрыяд. Сьледзтва скончана, знаёмства з матэрыяламі скончана. Я не разумею — чаго тут баяцца. Цімафей пад час нашага спатканьня сказаў: «Я не зьбіраюся хавацца, зьбягаць, уцякаць. Я хачу абараняць і даказваць сваю невінаватасьць у судзе! Калі я буду зьбягаць – гэта будзе азначаць прызнаньне маёй віны».

Маці Эніры Браніцкай, спадарыня Віялета, днямі мела першае цягам 4-х месяцаў спатканьне з дачкой. Нядаўна Эніру перавялі са сьледчага ізалятару КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. Спадарыня Віялета кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Эніры зьявілася тое, што яна не паліць.

(Віялета: ) «Сем чалавек у камеры паляць па пачаку цыгарэт на дзень. Яна выпрасіла ў іх 20 хвілін на дзень, калі яны не паляць — пакуль яна «качае» прэс. Падчас прагулкі яна робіць зарадку. А потым, у камэры, «качае» прэс. Запыталася ў яе: «А цягам дня ляжаць вам можна? Пад’ём жа ж а 6 ранку». Кажа: гледзячы, якая зьмена аховы. Пры некаторых — можна. Пры некаторых – нельга».

Спадарыня Віялета кажа, што Эніра — моцная асоба і знаходзіць розныя сродкі падтрымаць моц духу нават у гэткіх умовах.

(Віялета: ) «Малюе ўвесь час. Караблікі розных канфігурацый… Жывёлінаў розных малявала… Увесь час шукае матывы для сваіх малюнкаў. Вежу нядаўна даслала — нават у фарбах вежу. Раней, калі ў КДБ яна была, то ўсё ў фарбах малявала – у яе суседкі былі фарбы. А цяпер — алоўкам малюе».

Цімафея Дранчук імкнецца зрабіць неабходныя працы для дыстанцыйнага навучаньня ў Эўрапэсйкім Гуманітарным Унівэрсытэце. Але цяпер, ва ўмовах сьпякоты, піша ён у лістах, пакутліва проста ляжаць — ня тое, што працаваць над кантрольнымі. Валеры паспрабаваў перадаць сыну ў камэру вэнтылятар:

(Дранчук: ) «Затэлефанаваў у адміністрацыю сьледчага ізалятара КДБ сёньня, запытаўся, ці магу я перадаць вэнтылятар Цімафею. Нехта Мікалай Васільевіч сказаў, што гэта вялікая раскоша. Маўляў, можа яшчэ і пральную машыну перадаць наступным разам?»

Дзякуючы Аляксандру Сакалову, загадчыку сьледчага ізалятару, дазвол на перадачу вэнтылятара Валеры Дранчук атрымаў.

 

Радыё Свабода