Кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэне Ван дэр Ліндэн гатовы наведаць Мінск пры ўмове, што праграма яго візыту будзе ўзгодненая з беларускім бокам і адпавядаць інтарэсам Парлямэнцкай асамблеі. Пра гэта ён заявіў сёньня, у дзень адкрыцьця чарговай сэсіі асамблеі. Ня выключана, што візыт адбудзецца ў верасьні.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, Ван дэр Ліндэн пацьвердзіў, што двойчы ў гэтым годзе запрашаў сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзіміра Канаплёва ўзяць удзел у сэсіі Парлямэнцкай асамблеі. На сэсію ў красавіку гэтага года Канаплёў не змог бы прыехаць, бо быў унесены ў сьпіс беларускіх службовых асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Аднак, як падкрэсьліў кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы сьпіс быў складзены кіраўніцтвам Эўразьвязу і можа не адлюстроўваць пазыцыю Рады Эўропы. Паводле агенцтва Інтэрфакс, Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў, што лічыць неабходным даць магчымасьць Уладзімеру Канаплёву наведаць Страсбур.
Падчас сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая пачалася сёньня, адмысловы дакладчык ад палітычнага камітэта асамблеі Адрыян Севярын прадставіць інфармацыю аб зьнешніх сувязях Рады Эўропы.
У дакладзе сп-ра Севярына, які разьмешчаны на сайце асамблеі, адзначаецца, што грамадзяне Беларусі пазбаўленыя магчымасьці зьвяртацца ў Эўрапейскі суд па правох чалавека, паколькі той абараняе правы выключна грамадзянаў краінаў — членаў Рады Эўропы. «Беларусы, магчыма, якраз больш за іншых маюць патрэбу ў падобнай абароне», — адзначаецца ў дакладзе. Там таксама разглядаецца магчымасьць прапанаваць Беларусі падпісаць Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека і прыняць юрысдыкцыю Эўрапейскага суда да таго, як стаць сябрам Рады Эўропы.
«Канешне, я сумняюся ў тым, што беларускія ўлады дадуць згоду на падобны крок, больш за тое, я прадбачу рашучы супраціў з боку структур Рады Эўропы» — лічыць Адрыян Севярын. Ён, аднак, падкрэсьлівае, што «пры наяўнасьці жаданьня, знойдзецца і магчымасьць».
У дакладзе ад імя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адзначаецца «адсутнасьць прагрэсу ў Беларусі ў галіне адпаведнасьці асноўным прынцыпам Рады Эўропы, нягледзячы на пададзеную заяўку на ўступленьне».
Радыё Свабода