Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў з Польшчы і іншых краінаў Эўрапейскага зьвязу заяўляюць, што беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб заблякаваць дапамогу для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасьці, які існуе ў Бэльгіі, ўжо некалькі месяцаў зьбірае сродкі па ўсёй Эўропе на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Аднак апошнім часам, як кажа дырэктар фонду Ян Чурыловіч, ягоная арганізацыя вымушаная зьмяніць тактыку працы.
(Чурыловіч: ) «Калі раней мы абвяшчалі пра дапамогу, пра тое, куды ідуць грошы, дык цяпер мы зьмянілі тактыку. Справа ў тым, што калі мы паведамлялі публічна пра дапамогу, напрыклад на перадачы для палітвязьняў, дык ўлады рабілі крокі ў адказ — спынілі прыём гэтых перадачаў. Так што фонд вырашыў абвяшчаць пра дапамогу праз некаторы час пасьля таго, як яе атрымаюць тыя, каму гэтая дапамога патрэбная».
Спадар Чурыловіч лічыць, што беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб ахвяры палітычных рэпрэсіяў не адчувалі падтрымкі звонку.
(Чурыловіч: ) «Канешне, улады Беларусі вельмі стараюцца, каб ніякая дапамога не трапляла да актывістаў дэмакратычнай апазыцыі, людзей, якія змагаюцца за свабоду сваёй краіны. Гэта робіцца дзеля таго, как паказаць, што гэтыя людзі нікому не патрэбныя, што іхным лёсам ніхто не цікавіцца, але гэта няпраўда — пра іх ведаюць у Эўропе і цікавяца іхным лёсам».
Яцэк Кастэялнец з ініцыятывы «Вольная Беларусь», якая таксама дапамагае ахвярам палітычных рэпрэсіяў, кажа, што дапамагаць рэпрэсаваным беларусам усё больш складана.
(Кастэялнец: ) «Ёсьць цяжкасьці, зьвязаныя з тым, што беларускі рэжым
робіць усё магчымае, каб гэтую дапамогу заблякаваць. Аднак пакуль у нас атрымліваецца дапамагаць праз недзяржаўныя арганізацыі, зь якімі мы супрацоўнічаем ужо шмат гадоў. Як гэта робіцца я, натуральна, сказаць не магу, каб не рабіць паслугаў беларускім спэцслужбам, якія намагаюцца перашкодзіць гэтаму».
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода