ЗША заблякавала фінансавыя актывы і маёмасьць Лукашэнкі

20/06/2006

Міністэрства фінансаў ЗША загадала заблякаваць знойдзеныя ў ЗША любыя фінансавыя актывы або маёмасьць, якія належаць кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, а таксама забараніла грамадзянам ЗША мець любыя бізнэс-дачыненьні з Лукашэнкам.

У загадзе, падпісаным у панядзелак прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, сказана, што Аляксандар Лукашэнка і дзейны беларускі ўрад, перашкаджаючы працэсу дэмакратызацыі краіны, парушаючы правы чалавека, праводзячы палітычныя рэпрэсіі і злоўжываючы грамадзкай маёмасьцю, становяць пагрозу нацыянальнай бясьпецы і замежнай палітыцы ЗША. Фінансавыя санкцыі, скіраваныя супраць Лукашэнкі і набліжаных да яго асобаў, уступілі ў дзеяньне адразу па падпісаньні дакумэнту.

Апрача Аляксандра Лукашэнкі, у сьпіс чыноўнікаў, маёмасьць і фінансавыя актывы якіх будуць імгненна заблякаваныя, увайшлі міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, кіраўнік аховы прэзыдэнта Віктар Лукашэнка, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, камандзір СОБРу Дзьмітры Паўлічэнка, намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, старшыня Савету бясьпекі Віктар Шэйман і старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Сьпіс чыноўнікаў адкрыты для грамадзкасьці і можа быць пашыраны.

У прэс-рэлізе Дзярждэпартамэнту ЗША падкрэсьлена, што Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз і іншыя партнэры неаднаразова выказвалі падтрымку дэмакратычным памкненьням народу Беларусі і асуджалі парушэньні правоў чалавека, зьнявагу дэмакратычных каштоўнасьцяў і карупцыю з боку беларускага ўраду. «Несапраўдныя прэзыдэнцкія выбары ў сакавіку 2006 году, рэпрэсіі супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых дэманстрацыяў, бясконцыя затрыманьні актывістаў і прыхільнікаў апазыцыі, у тым ліку былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і чатырох лідэраў арганізацыі па назіраньні за выбарамі “Партнэрства”, зьяўляюцца толькі апошнімі сьведчаньнямі намаганьняў улады для абмежаваньня правоў беларускіх грамадзянаў. Фінансавыя санкцыі, прынятыя скаардынавана з пунктавымі фінансавымі санкцыямі, раней зацьверджанымі Эўразьвязам, закліканыя паказаць намер міжнароднай супольнасьці прыцягнуць да адказнасьці тых, хто мае дачыненьне да злоўжываньняў уладай у Беларусі» , — гаворыцца ў прэс-рэлізе Дзярждэпартамэнту ЗША.

Радыё Свабода