Беларусы Эўропы перадалі петыцыю амэрыканскаму прэзідэнту (Фота)
16:24, 13/07/2006
Перад правядзеньнем саміту Вялікай Васьмёркі ў Пецярбурзе беларусы Эўропы перадалі петыцыю амэрыканскаму прэзідэнту Джорджу Бушу, у якой выказалі занепакоенасьць палітычнай сітуацыяй вакол Беларусі і нааднаразовымі грубымі спробамі Расеяй пазбавіць Рэспубліку Беларусь дзяржаўнай незалежнасьці. Таксама быў перададзены Мэмарандум Рады БНР і зварот да кіраўнікоў вялікіх дзяржаваў "Аб палітычнай агрэсіі", прыняты на Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне".
Падчас перадачы петыцыі адбылася размова з супрацоўнікамі амэрыканскай амбасады, у якой была выказана падзяка народу, прэзідэнту і кіраўніцтву Злучаных Штатаў Амэрыкі за пасьлядоўную палітыку ў падтрымцы дэмакратычных сілаў ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых праблемных краінах. Супрацоўнікі амбасады выказалі паразуменьне ў сітуацыі адносна Беларусі і вакол яе.
Таксама беларускімі палітычнымі ўцекачамі з дазволу брусэльскай паліцыі і пры тэхнічнай падтрымцы «Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня» быў зладжаны пікет.