Злучаныя Штаты разьлічваюць, што сытуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца падчас саміту кіраўнікоў дзяржаў «Вялікай васьмёркі» ў Санкт-Пецярбургу. Як заявілі агенцтву БелаПАН у прэсавай службе дзярждэпартамента ЗША, беларускае пытаньне можа быць разгледжанае, нават калі не будзе ўключанае ў афіцыйны парадак дня сустрэчы.
Варта нагадаць, што сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася 29 чэрвеня ў Маскве ў межах нарады міністраў замежных спраў краін «Вялікай васьмёркі», якія рыхтавалі парадак дня пасяджэньня кіраўнікоў дзяржаў. У прыватнасьці, амэрыканскі бок узьнімаў пытаньне аб парушэньні Беларусьсю эмбарга ААН праз нелегальныя пастаўкі лёгкай і стралковай зброі.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля завяршэньня сустрэчы кіраўнікоў МЗС міністар замежных спраў Канады Пітэр Маккей заявіў, што яе ўдзельнікі «шчыра абмяняліся меркаваньнямі, у прыватнасьці, датычна сытуацыі ў Беларусі». Міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў тады падкрэсьліў, што, адказваючы на пытаньні калег адносна сытуацыі ў Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, Прыднястроўі і Беларусі, ён «даў дастаткова фактаў, якія ляжаць у аснове расійскага падыходу да ўсіх гэтых пытаньняў».