«VoliaMusic» падрыхтавала кампакт-дыск «Песьні Свабоды-2»

06/07/2006

Незалежны музычны лэйбл «VoliaMusic» падрыхтаваў да выданьня кампакт-дыск «Песьні Свабоды-2». Гэта другі альбом, песьні якога прысьвечаныя тэме свабоды й незалежнасьці. Некаторыя музычныя кампазыцыі напісаныя пад уплывам мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў, што адбыліся ў Менску 19-25 сакавіка.

Кампакт-дыск складаюць 20 музычных кампазыцыяў у выкананьні вядомых беларускіх гуртоў і маладых рок-выканаўцаў. Да прыкладу, «Нэйра Дзюбэль» адмыслова запісаў песьню «Край”, Лявон Вольскі і «NRM» прасьпяваюць песьню «Ворагам» на словы Ўладзімера Караткевіча, гурт «Таварыш Маўзэр» выканае «Беларусь будзе вольнай». «Песьні Свабоды-2» — гэта працяг праекту, распачатага ў гонар Дня Незалежнасьці 25 сакавіка, а таксама насуперак тагачасным афіцыйным канцэртам «За Беларусь», кажа прад’юсар праэкту, які ўзяў сабе творчы псэўданім Пупэр.

(Пупэр: ) «Адрозна ад першага, гэты дыск прысьвечаны 27 ліпеня, Дню Незалежнасьці Беларусі. Таму асноўнай тэмай твораў будзе ня толькі свабода, але й незалежнасьць Беларусі».

Паводле спадара Пупэра, «Песьні Свабоды-2» складзеныя з музычных кампазыцыяў, якія прапанавалі яшчэ на першы альбом. Але некаторыя былі напісаныя адмыслова падчас сакавіцкіх падзеяў, у тым ліку на Кастрычніцкай плошчы Менску. Да прыкладу, «Колер маёй рэвалюцыі» ў выкананьні гурта «Сівер». Гаворыць адзін зь лідэраў калектыву Мікола Бянько:

(Бянько: ) «У сакавіцкіх падзеях мы бралі актыўны ўдзел, як музыкі й як грамадзяне. Бо апошнім часам многія музыкі адмаўляліся выказваць сваю пазыцыю, некаторыя нават адмаўляліся ад рок-каронаў. Таму мы палічылі мэтазгодным сваю пазыцыю вытлумачыць адкрыта й не хаваць яе».

«Песьні Свабоды-2» будуць распаўсюджвацца гэтак жа, як і папярэдні альбом: праз падпіску на адмысловым інтэрнэт-сайце, а таксама падчас рок-канцэрту, які заплянаваны ў гонар Дня Незалежнасьці 27 ліпеня. Гэткім чынам, гэта яшчэ й папулярызацыя незалежнай беларускай музыкі, лічыць прадусар праекту Пупэр.

(Пупэр: ) «Беларуская музыка — гэта ня толькі тое, што нам паказваюць на беларускім тэлебачаньні й прымушаюць слухаць па беларускім радыё. Гэта й тое, што нашых беларускіх музыкаў хвалюе ўсё, што адбываецца ў краіне. І таксама наша задача была дапамагчы гуртам, якія з-за сваёй пазыцыі ня могуць данесьці творчасьць да слухачоў».

Паводле спадара Пупэра, першы кампакт-дыск «Песьні Свабоды» атрымалі некалькі тысяч аматараў незалежнай беларускай музыкі, а з інтэрнэту гэтыя песьні спампавалі больш за 50 тысяч чалавек.


Радыё Свабода