Затрыманыя ўдзельнікі акцыі на Кастрычніцкай плошчы — на свабодзе

08/07/2006

Спэцназаўцы разагналі жывы ланцуг, прымеркаваны да шостай гадавіны з дня зьнікненьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Байцы спэцназу штурхалі людзей у сьпіны да плошчы Перамогі. Паплечнікаў Аляксандра Казуліна, якія прыйшлі на плошчу ў чырвоных майках зь ягоным партрэтам, выціснулі да Палацу прафсаюзаў.

Калі ўдзельнікі акцыі спусьціліся ў падземны пераход, што на плошчы Перамогі, спэцназаўцы сышлі. Некалькі дзясяткаў чалавек на чале з Анатолем Лябедзькам вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу і прастаялі там каля гадзіны з партрэтамі Зьмітра Завадзкага.

У выніку разгону акцыі затрымалі каля дзясятка чалавек. У аўтобусе ў затрыманых адабралі значкі «За свабоду» і бел-чырвона-белыя сьцягі. Праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі без складаньня пратаколаў.


Любоў Лунёва
Радыё Свабода