У Берасьці ў Дзень незалежнасьці адбудзецца мітынг

25/07/2006

27 лiпеня ў 17-30 на стадыёне «Будаўнiк» адбудзецца мiтынг «За свабоду! За незалежнасць!», якi прысвечаны 16-й гадавiне прыняцца Дэкларацыi аб дзяржаўным суверэнiтэце Рэспублiкi Беларусь.

«З тых часоў, пакуль кiраўнiком Беларусi не стаў Аляксандр Лукашэнка гэты дзень з`яўляўся дзяржаўным святам нашай краiны — Днём незалежнасцi. 16 год таму беларусы заявiлi на ўвесь свет, што яны хочуць будаваць свой дом, што яны вартыя называцца народам. З таго дня мiнула 16 гадоў. Сённяшнi рэжым прадае незалежнасць краiны за танны газ. Хаваючыся за гучнымi фразамi аб захаваннi суверэнiтэта ўлада думае толькi пра тое, каб захавацца самой», — так арганiзатары мерапрыемства вызначаюць лейтматыў мiтынгу на ўлётках-запрашэннях, якiя зараз распаўсюджваюць у горадзе актывiсты кампанii «За свабоду».

Удзел у мiтынгу возьме лiдэр дэмакратычных сiл Беларусi Аляксандр Мiлiнкевiч. У гэты дзень ён мае намер таксама наведаць уладальнiкаў маршрутных таксовак, якiя галадаюць, настойваючы на адмене незаконнага рашэння падатковых органаў, паводле якога яны мусяць сплацiць дзясяткi мiльёнаў рублёў.

Правядзенне мiтынгу падтрымана аб`яднанымi дэмакратычнымi сiламi Берасця. У праграме: выступ лiдэра дэмакратычных сiл Аляксандра Мiлiнкевiча; выступы грамадскiх дзеячоў краiны i горада; запiс у сябры дэмакратычных партый i грамадскiх арганiзацый; раздача сiмволiкi кампанii «За Свабоду»; песнi ў выкананнi барда Змiцера Бартосiка.

 

Хартия-97