Міліцыя забараняе сьвяткаваць Дзень незалежнасьці

27/07/2006

Акцыі з нагоды Дня незалежнасьці 27 ліпеня прайшлі ў шэрагу гарадоў Беларусі.

Каля 40 апазыцыйных актывістаў Магілёву сабралася сёньня каля абласнога драматычнага тэатру распачаць сьвяточную акцыю, прысьвечаную 16 гадавіне прыняццья Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Прадстаўнікі апазыцыі зьбіраліся запусьціць у паветра балёнікі зь бела-чырвона-белымі стужкамі. Месца правядзеньня акцыі было аточана байцамі міліцыі спэцпрызначэньня. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з моладзевых апазыцыйных актывістаў Магілёвау, Алесь Сіўкоў:

(Сіўкоў: ) «27 ліпеня –– гэта самае вялікае сьвята для маладых магілёўцаў. І мы разумеем, што гэта вялікае сьвята. І мы зробім усё, каб жыхары Магілёву ведалі пра гэтую падзею ў жыцьці нашае краіны».

Моладзь пасьпела запусьціць толькі чатыры балёнікі. А пасьля давялося вырывацца зь міліцэйскага ачапленьня. Затым усе рушылі да плошчы Зорак, дзе зьбіраліся наладзіць працяг акцыі. Далей у плянах магілёўцаў –– шэсьце да крыжа Цішкі Гартнага, дзе мае адбыцца невялікі мітынг.

Каля 150 прыхільнікаў апазыцыі сабралася сёньня каля стадыёну «Будаўнік» у Берасьці. Людзі прыйшлі з партыйнымі сьцягамі й дарылі адно аднаму ружы, апавітыя бела-чырвона-белымі стужкамі. За зборам апазыцыйных актывістаў назірала каля 20 міліцыянтаў. Мясцовыя ўлады спачатку далі дазвол на правядзеньне на стадыёне мітынгу «За свабоду! За незалежнасьць!», прысьвечанага 16-й гадавіне прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, а ўчора гэтую акцыю забаранілі.

Афіцыйнай падставай для забароны мітынгу стаў распаўсюд улётак з пазнакай ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Берасьця». Але берасьцейскія апазыцыйныя актывісты лічаць, што сапраўднай прычынай забароны стаў намер узяць удзел у мітынгу лідэра Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Да людзей каля стадыёну з заклікам разысьціся, каб не правакаваць міліцыю да сілавога разгону акцыі, зьвярнуўся старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Юрась Губарэвіч.

А ў Віцебску адзначаць Дзень незалежнасьці ў цэнтры гораду выйшлі некалькі актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія раздавалі віцяблянам сьвяточныя ўлёткі. Міліцыянты амаль адразу ж затрымалі старшыню гарадзкой арганізацыі АГП Алену Залескую, Уладзімера Сіманковіча й яшчэ адну актывістку.

Барысаўская апазыцыйная маладзь з нагоды Дня незалежнасьці вывесіла бела-чырвона белы сьцяг на будынку былога пастарунку ДАІ.

Моладзевыя актывісты Магілёву запускалі ў цэнтры гораду паветраныя балёнікі з бел-чырвона-белымі стужкамі. Міліцыянты затрымалі Ірыну Качарову, Сяргея Стральцова і Сяргея Нагаціна і яшчэ трох удзельнікаў акцыі. Усе яны знаходзяца ў адным з пастарункаў Ленінскага райаддзелу міліцыі Магілёву.

У Салігорску сёньня ўвечары былі затрыманы сямёра моладзевых актывістаў, якія бралі ўдзел у акцыі, прысьвечанай Дню незалежнасьці. Як паведаміла Радыё Свабода лідэрка Жаночага руху Салігорску Ларыса Насановіч, насуперак гарвыканкаму яны малявалі на асфальце дрэвы, сонца, будынкі… Міліцыянты вырашылі, што яны парушаюць грамадзкі парадак. Сярод затрыманых Павал Батуеў, Глеб Сандрас, Іван і Ільля Шылы.