Цімафею Дранчуку сёньня 25 гадоў

05/08/2006

Сваякі пакараных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» лічаць, што суд мусіў апраўдаць Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку. Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў іх пазбаўленьнем волі ад 6 месяцаў да двух гадоў. Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША назіралі за справай актывістаў «Парнэрства» — арганізацыі, якую стваралі выключна для назіраньня за выбарамі. Яны заявілі, што беларускія ўлады бліжэйшым часам атрымаюць адпаведныя рэзалюцыі з Захаду.

Маці Міколы Астрэйкі, якога пакаралі на максымальны тэрмін, прадугледжаны крымінальным артыкулам, была ў шокавым стане. Толькі праз суткі яна змагла гаварыць з журналістамі.

Нагадаем: Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку арыштавалі 21 лютага. Іх абвінавацілі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. Суд, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, пачаўся 28 ліпеня і скончыўся 4 жніўня. Паколькі ў судзе пракурору не ўдалося даказаць віну арыштаваных, іх абвінавацілі толькі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. За гэта могуць пакараць штрафам, арыштам, альбо пазбаўленьнем волі да двух гадоў.

Міколу Астрэйку судзьдзя Леанід Ясіновіч пакараў пазбаўленьнем волі на максымальны тэрмін. Маці Міколы Яўгенія Астрэйка не разумее, чаму суд так жорстка пакараў яе сына.

(Астрэйка: ) «Усе мы ў шоку. Так цяжка, што гэта немагчыма. У панядзелак пайду да судзьдзі і буду прасіць спатканьня з Коляй… Хачу паглядзець яму ў вочы. Чаму ў Колі не знайшлося ніякіх зьмякчаючых абставін? У яго павінна нарадзіцца дачушка. Я лічу, што няхай прысуд будзе на сумленьні тых людзей, якія аддавалі такія загады».

Суд пакараў Цімафея Дранчука пазбаўленьнем волі на год. У Цімафея сёньня дзень народзінаў. Яму споўнілася 25 гадоў. Ягонаму сыну сёньня — 4 месяцы. Учора, пад час абвяшчэньня прысуду малады бацька ўпершыню ўбачыў сваё дзіця праз краты ў судовай залі. Яго жонка Вольга Анцыповіч знаходзіцца цяпер на лецішчы.

(Анцыповіч: ) «Мне здавалася, што я была гатовая маральна да таго, што Цімафея ня выпусьцяць ў судзе, але й зараз я ў нейкім шокавым стане… Не магу паверыць, што гэта адбылося. Паказвала сына яму, атрымліваецца, праз краты, бо Цімафей сядзеў у клепцы, а Платона я трымала на руках. Ну, дзякуй Богу, што міліцыянэры і амонаўцы расступіліся, і Цімафей змог яго яшчэ пабачыць. Нешта ненармальнае ў гэтай краіне адбываецца, калі бацька ў такіх умовах павінен знаёміцца са сваім сынам».

Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка 21 жніўня выйдуць на волю. Магчыма, апошнія два тыдні яны правядуць на Валадарцы.

Мікола Статкевіч, якога таксама судзіў Леанід Ясіновіч, лічыць, што прысуд актывістам «Партнэрства», быў палітычна матываваны.

(Статкевіч: ) «Гэтыя людзі хацелі займацца назіраньнем за выбарамі. Такім чынам, яны маглі яшчэ раз прадэманстраваць, што беларускія выбары даўно пераўтварыліся ў фарс. Таму іх ізалявалі. У Міколы Астрэйкі ёсьць досьвед стварэньня сістэмы назіраньня незалежна ад партыяў і без выкарыстаньня іхных чалавечых рэсурсаў. Улады баяцца, што ён ізноў скарыстаецца сваім досьведам на наступных выбарах».

Сваякі пакараных актывістаў «Партнэрства» 7 жніўня наведаюць судзьдзю Леаніда Ясіновіча, каб узяць дазвол на спатканьне.

Любоў Лунёва
Радыё Свабода