Арганізатар моладзевага летніка пад Белаазёрскам Юрась Губарэвіч асуджаны на 10 сутак
8 жніўня суд Бярозаўскага раёну асудзіў арганізатара летніка «Рух добрай волі», кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрася Губарэвіча на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прычына — выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.
Летнік «Рух добрай волі» праходзіў 3-6 жніўня. Каля пяці дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат з розных партыяў і арганізацый зладзілі вандроўку па маляўнічых мясьцінах Белаазёршчыны (Бярозаўскі раён). Ля аднаго з азёраў яны і паставілі намёты.
«Мэта вандроўкі — інфармаваньне навакольнага насельніцтва пра сытуацыю ў краіне (мы распаўсюдзілі 1000 асобнікаў газэты «Газэта для вас») і добраўпарадкаваньне мясьцін Белаазёршчыны», — патлумачыў сэнс летніка Юрась Губарэвіч журналістам і цікаўным.
Перад удзельнікамі летніка выступіў бард Зьміцер Бартосік і гурт «Парасон», былі наладжаныя розныя спартовыя спаборніцтвы мі сяброўскія вечарыны.
Міліцыя імкнулася перашкодзіць удзельнікам летніка. Празь дзень у ягоных удзельнікаў былі перапісаныя пашпартныя зьвесткі, не пусьцілі ў летнік моладзь БНФ, што хацела далучыцца да вандроўнікаў.
Юрася Губарэвіча затрымалі ў суботу 5 жніўня і адвезьлі ў суд. Але там ён запатрабаваў адваката, і разгляд справы перанесьлі на 8 жніўня. «Я думаю, што яны проста хацелі пасадзіць мяне на пару сутак», — выказаў тады журналістам здагадку Юрась Губарэвіч. Ён памыліўся — суд адмераў 10 сутак. Пра гэта нам паведамілі расхваляваная жонка Юрася. Калі мы затэлефанавалі, яна рыхтавала мужу перадачу.
Наша ніва