Каля амбасадаў Беларусі ў Эўропе і ЗША сёньня будуць пікеты

16/08/2006

Сёньня ў Беларусі і ў замежжы пройдзе штомесячная акцыя Салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Першая акцыя адбылася летась 16 верасьня. Арганізатары — Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская — заклікаюць грамадзянаў выказаць сваю падтрымку палітвязьням, іх сем’ям і сваякам зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Акцыі штомесяц праводзіліся ў розных фарматах. Сёньня ў ЗША і шэрагу эўрапейскіх краінаў адбудуцца пікеты насупраць беларускай амбасады.

Сёньня арганізатары акцыі Салідарнасьці вырашылі ўстрымацца ад пікету насупраць расейскай амбасады ў Менску. Апошнія дзьве акцыі байцы спэцназу міліцыі затрымлівалі людзей яшчэ на падыходах да амбасады. 16 ліпеня суд Цэнтральнага раёну арыштаваў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і актывіста Анатоля Аскерку на 10 сутак. Сёньня Анатоль Лябедзька разам з Людмілай Гразновай і Зінаідай Бандарэнка паедуць ў Гомельскую вобласьць. Яны наведаюць палітвязьня Андрэя Клімава ў вёсцы Баршчоўка, дзе апазыцыянэр адбывае пакараньне за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька:) «Трэба выходзіць за межы Менскага гарадзкога кальца і ісьці ў рэгіёны. Ставім задачу на бягучы каляндарны год, пачынаючы ад гэтай да наступнай восені, правесьці такія акцыі і ланцугі неабыякавых людзей у кожным раённым цэнтры. З гэтаенагоды я выязжаю сёньня ў Гомель, дзе таксама будзем гаварыць пра гэта».

Адна з арганізатараў акцыі Салідарнасьці Ірына Красоўская паведаміла «Свабодзе»:

(Красоўская:) «Сёньня мае сябры ў Вашынгтоне ладзяць акцыю Салідарнасьці насупраць беларускай амбасады. Таксама акцыі адбудуцца ва Ўкраіне, у Польшчы, Бэльгіі, Францыі — думаю, што яшчэ ў шмат якіх краінах».

Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Аляксандар Атрошчанкаў патлумачыў, што гэтым разам акцыя пройдзе ў некалькіх гарадах у розных фарматах.

(Атрошчанкаў:) «Акцыя Салідарнасьці ў кожным выпадку будзе праводзіцца ў розным фармаце. Сёньня мы ня пойдзем да Расейскай амбасады, але людзі ўбачаць праявы салідарнасьці на вуліцах гарадоў».

У лістападзе і сьнежні арганізатары акцыі заклікалі грамадзянаў а 8 вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло і запаліць на вокнах сьвечкі. У студзені актывісты незарэгістраванага руху «Зубар» і «Маладога фронту» раздавалі мінакам джынсавыя стужкі. У лютым – ладзілі пікет на Кастрычніцкай плошчы. У выніку разгону акцыі арыштавалі некалькі дзесяткаў чалавек. У сакавіку акцыю правялі ў намётавым лягеры. Пасьля гэтага акцыі Салідарнасьці імкнуліся праводзіць каля Расейскай амбасады.
Гэтым разам заплянаваны шэраг мерапрыемствў у розных месцах Менску і ў некалькіх абласных гарадах. Яны пачнуцца а 8 вечара і будуць доўжыцца з паўгадзіны. Арганізатары спадзяюцца, што ў акцыі будуць удзельнічаць некалькі тысяч чалавек.

Любоў Лунёва
Радыё Свабода