16 жніўня Беларусь адзначала чарговы дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ў нашай краіне. Традыцыя адзначаць менавіта ў гэты дзень нарадзілася ў 2005 годзе, калі 16 верасьня, у гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, акцыя ў гонар іх памяці была брутальна разагнаная міліцыянтамі. З таго часу штомесяц 16-га ў Беларусі і іншых краінах ладзяцца акцыі салідарнасьці са зьніклымі і тымі, хто па палітычных прычынах знаходзіцца за кратаім. Якім дзень 16 жніўня 2006 года застанецца ў нашай гісторыі?
У Менску Дзень Салідарнасьці адбыўся крыху інакш. Некалькі вядомых людзей адведалі палітзьняволенага Андрэя Клімава, які адбывае пакараньне на гэтак званай «хіміі» на Гомельшчыне. Паводле зьвестак, якія атрымала нашае радыё, ініцыятарам паездкі да Андрэя Клімава быў палітык Анатоль Лябецька. Нам удалося зьвязацца з актывісткай Аб`яднаднай грамадзянскай партыі Людмілай Гразновай — вось яе ўражаньні ад паездкі:
— Я далучаюся кожны раз да акцыяў 16-га, якія адбываюцца кожны месяц. Але зараз — можа так і трэба, таму што няма высілкаў, няма рэсурсаў, каб рабіць нешта масавае. Таму — што мы можам — гэта пэрсанальны кантакт, гэта падтрымка у межах магчымасьцяў. Робім тое, што на сёньня застаецца магчымым.
— Вы лічыце, што беларуская салідарнасьць можа й не кідаецца ў вочы, але яна ёсьць?
— Ведаеце, сёньня добры прыклад прывялі: беларуская салідарнасьць — гэта як салідарнасьць на дарогах, дзе ўсе падтрымліваюць друг друга, усе падмігваюць, папярэжваюць адзін аднога, дзе там стаіць ДАІ. Тое, што ёсьць, можа ня кідаецца ў вочы, але яно дзейнічае — вельмі сьціпла, вельмі па-беларуску, але гэта ёсьць.
Патрымаць палітвязьня Андрэя Клімава выправілася таксама папулярная і любімая ў Беларусі тэлевядучая народная артыстка Зінаіда Бандарэнка:
— Мы прыехалі сюды менавіта з пачуцьцём салідарнасьці, каб адведаць Андрэя. І ўражаньні вельмі прыемныя. Мы ўбачылі сябра, паглядзелі, як яму жывецца, у якіх умовах, падтрымалі яго маральна.
— А як вам падабаецца ўвогуле традыцыя адзначэньня дня Салідарнасьці 16-га кожнага месяца?
— Па-першае, я заўсёды, калі дома, стаўлю сьвечачку і адзначаю гэты дзень. Гэта цудоўная традыцыя, і мы павінныя больш гаварыць пра гэта і тлумачыць людзям, каб кожны, хто ў гэты час, у гэтую хвілінку, а 20-й гадзіне знаходзіцца дома — каб паставіў сьвечачку і ўспомніў тых людзей, якіх няма ўжо з намі, каб зьберагчы тых, хто знаходзіцца ў шэрагу з намі.
У Горадні ў Дзень Салідарнасьці з палітвязьнямі 16 жніўня зьявіўся банэр «Хачу ў Беларусь!». Надпіс зьявіўся на масьце Гарнавых, які вядзе з самага цэнтру Горадні на другі бок Нёману. Такім чынам актывісты «Моладзі БНФ» адзначылі чарговы Дзень Салідарнасьці. Чаму менавіта такім тэкстам прывітала Горадня 16 жніўня? Распавядае адна з актывістак акцыі Марыяна:
— Таму што я жыву ў Беларусі, але хочацца бачыць Беларусь не такой, якая яна зараз. І як сказала адна настаўніца, калі мы рабілі апытаньне на вуліцах Гародні — хацелася б убачыць і патрапіць у такую Беларусь, якую паказваюць нам ў тэлевізіі.
Удзельнікі акцыі кажуць таксама аб тым, што ім хочацца нарэшце мець радзіму. Паколькі банэр правісеў некалькі гадзінаў у самым цэнтры горада, прычым як раз у часе, калі гараджане вярталіся з працы — рэакцыю мінакоў на заклік «Хачу ў Беларусь» можна акрэсьліць як пазытыўную, хаця стрыманую. Ніхто не наважыўся пракамэнтаваць надпіс, едучы ў грамадзкім транспарце, хаця на тварах людзей зьяўляліся ўсьмешкі.
Пра тое, што адбывалася 16 жніўня ў Варшаве, сталіцы краіны, якая атаясамліваецца ў сьвеце з паняткам «салідарнасьць», распавёў для ЭРБ Антось Цялежнікаў, лідэр Зьвязу для Дэмакратыі ў Беларусі:
— Адбылася першая акцыя, якая была сканцэнтраваная выключна пад беларускай амбасадай. Было некалькі дзесяткаў чалавек — беларусаў і палякаў, былі надпісы, бел-чырвона-белыя сьцягі, воклічы «Жыве Беларусь!», быў атксама вялікі банэр «Беларусь». Машыны, якія праязжалі побач, сыгналілі і паказвалі знак сваёй салідарнасьці з нашай акцыяй. Пазьней былі запаленыя зьнічы нашай салідарнасьці з палітвязьнямі, са зьніклымі ў Беларусі. Партрэты загінулых былі расклееныя па дрэвах навокал беларускай амбасады.
— Ці была якая-небудзь рэакцыя з боку амбасады?
— Была — яны выклікалі паліцыю, як і звычайна. Гэта напэўна, адзіная іх рэакцыя.
Безумоўна, не маглі застацца абыякавымі да ўчорашняй даты і студэнты-стыпендыяты праграмы імя К. Каліноўскага, якія цяпер знаходзяцца ў Кракаве. Калі цябе называюць «каліноўцам», гэта мусіць да нечага абавязваць. Распавядае Каця Золатава (Кракаў):
— 16 жніўня а палове на 10-ю вечара студэнты маршам прайшлі праз цэнтар старага гораду і каля помніка Адама Міцкевіча былі пастаўленыя зьнічы, а студэнты засьпявалі «Магутны Божа». Акцыя прыцягнула ўвагу як саміх кракавянаў, так і замежных турыстаў, якіх у гэтым прыгожым горадзе заўжды безьліч.
Адна з удзельніц праграмы Вольга Чарных гаворыць:
— Мы прыйшлі да помніка Міцкевічу бо ня можам заставацца абякавымі да праблемаў у нашай однай краіне. Навад далёка ад радзімы, я ўсё адно думаю пра яе, дбаю і хачу вярнуцца ў сваю краіну — да сваіх бацькоў, да сваіх сяброў, да сваіх родных мейсаў, якія я вельмі люблю. І я вельмі спадзяюся, што сваёй акыцяй мы зможам прыцягнуць увагу многіх людзей, па ўсім сьвеце, каб яны пачулі нас, каб яны зразумелі нашыя праблемы, каб мы не заставаліся ў адзіноце, і каб мы ўсё ж-такі маглі перамагчы. Жыве Беларусь!
Еўрапейскае радыё для Беларусі