Сёньня з турмы на Валадарскага на волю выйшлі актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка. Яны адбылі 6 месяцаў зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Аляксадар Шалайка паведаміў, што калі яны сядзелі ў сьледчым ізалятары КДБ «Амэрыканка», сьледчыя КДБ казалі ім, што пра іх на волі ўсе забыліся, і што ніхто не цікавіцца іх лёсам. Апрача таго, Аляксандар і Эніра сказалі, што іх сваякам давялося значна горш, чым ім самім. Вызваленыя расказалі пра ўмовы ўтрыманьня. Паводле актывістаў «Партнэрства», у турме КДБ умовы значна лепшыя, чым у турме на Валадарскага. На думку Аляксандра Шалайкі, калі б яны яшчэ нейкі час праседзелі ў камэры — так званай «асуждзёнцы» — то, ўлічваючы вільготнасьць і задуху, можна было б атрымаць нейкае хранічнае захворваньне.
Аляксандар Шалайка адразу паехаў са сваякамі дахаты. У яго маленькае дзіця і цяжарная жонка. Эніра Браніцкая яшчэ некі час размаўляла са сваімі сябрамі і журналістамі.
За кратамі турмы на Валадарскага застаюцца Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук. Яны асуджаныя адпаведна на 2 і 1 год зьняволеньня.
Радыё Свабода