У Латвіі пачаліся акцыі на знак салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй. Сябры правай партыі «Новы час» ладзяць марафоны ў майках з сымболікай «Вялікі джынсавы фэст 16 верасьня». Марафоны адбудуцца ў розных гарадах краіны. На 16 верасьня заплянаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў.
У акцыях, якія адбываюцца ў розных гарадах Латвіі ўдзельнічаюць сыны былога палітвязьня Міхаіла Марыніча Ігар і Павал. Першая эстафэта-марафон адбылася 7 верасьня пад лёзугам: «Дэмакратыя супраць цынізму». Ігар і Павал прыйшлі на акцыю ў майках з надпісам: «Вялікі джынсавы фэст». Прэсавы сакратар «Новага часу» Дзіджыс Смітс — з бел-чырвона-белым сьцяжком. Гэты сьцяжок пранесьлі як эстафэтную палачку ад Рыгі да Вэнтспілсу. Ігар Марыніч паведаміў «Свабодзе»:
(Марыніч:) «Для нас акцыя Салідарнасьці з сем’ямі палітвязьняў мае вялікае значэньне. Дэпутаты Сэйму ад «Новага часу» былі першымі, хто напісаў ліст у падтрымку нашага бацькі, калі яго арыштавалі. Дэпутат Эўрапарлямэнту Алдзіс Кушкіс з’яўляецца намесьнікам Багдана Кліха ў дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях з Беларусьсю і аўтарам шматлікіх ініцыятываў у падтрымку нашай барацьбы. Напярэдадні «Джынсавага фэсту» латвійскія дэмакраты правядуць яшчэ некалькі эстафэт, а на 16 верасьня заплянаваныя сюрпрызы. Я толькі ведаю, што адным зь іх будзе трансляцыя «Песьняў Свабоды» на латвійскіх FM-станцыях».
Уплывовая латвійская правая партыя «Новы час» і партыя «Беларускі народны фронт» 7 верасьня падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве.
Аляксандар Васільеў і Валеры Леванеўскі пасьля выхаду на волю былі ў Рызе на запрашэньне сяброў партыі «Новы час».
Латвійскія партнэры распрацоўваюць праграму дапамогі беларускім палітрэпрэсаваным і іх сем’ям. Дзеці апазыцыянэраў, якія адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі, паедуць на аздараўленьне ў Латвію. Латвійскі ўрад прыняў рашэньне аб прыёме на вучобу студэнтаў, адлічаных у Беларусі за ўдзел у акцыях апазыцыі. Пакуль гэта 10 месцаў, але ў наступным годзе квота будзе павялічаная.
Любоў Лунёва
Радыё Свабода