16 кастрычніка ў Баранавічах праводзілася акцыя салідарнасьці. А 8-й вечара моладзь сабралася ля універмага «Вясёлка», запаліла сьвечкі. Адзін з актывістаў, Зьміцер Палойка, фатаграфаваў акцыю. Нечакана яго схапілі 2 міліцыянты, адцягнулі ўбок, дзе моцна пабілі, а пасьля адвезьлі ў пастарунак. Там хлопец прабыў усю ноч. Сёньня раніцай яго адпусьцілі. На Палойку быў складзены пратакол, дзе значылася, што актывіст лаяўся матам і зладзіў бойку з міліцыянтамі, за што на яго наклалі штраф у 155 тысяч рублёў.
У Зьміцера Палойкі канфіскавалі фотаздымач і некаторыя асабістыя рэчы, якія дагэтуль не вярнулі. З дапамогай праваабаронца Сяргея Гоўшы ў пракуратуру была пададзеная скарга.
Нагадаем, што Зьміцер Палойка ўжо быў арыштаваны ў Баранавічах падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі і ў час штурму намётавага мястэчка ў Менску.
ПЦ «Вясна-96»