У Менску адбыўся паказ фільму Міраслава Дэмбіньскага «Урок беларускай мовы: маладыя супраць Лукашэнкі»

24/10/2006

У панядзелак, 23 кастрычніка, у сядзібе Партыі БНФ адбыўся паказ для журналістаў фільму «Урок беларускай мовы: маладыя супраць Лукашэнкі».

Кінастужка рабілася на працягу ўсёй выбарчай кампаніі 2005-2006 года. Героі стужкі — маладыя дэмакратычныя актывісты. Яны раздаюць недзяржаўную прэсу, раскідваюць улёткі, ладзяць вулічныя акцыі, за гэта іх часта арыштоўваюць. Рэжысэр раскрывае праблему закрытага Беларускага гуманітарнага ліцэя, навучэнцы якога нелегальна вучацца й здаюць іспыты экстэрнатам; незалежных музыкаў, якім закрытая дарога на радыёстанцыі й тэлевізію, і яны вымушаныя даваць паўпадпольныя канцэрты.

У фінале 52-хвіліннай стужкі акцыя 25 сакавіка, калі сіламі міліцыі была разагнаная масавая акцыя пратэсту, і будынак спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка Акрэсьціна, зь якога выходзяць адзін за адным палітычныя вязьні, асуджаныя за ўдзел у масавых акцыях пратэсту.

На пытаньне, для каго прызначаны гэты фільм, Дэмбіньскі адказаў наступнае: «Я хацеў бы рабіць фільм для максымальны шырокай аўдыторыі. Хацеў зрабіць для ўсіх. Ёсьць пэўная спэцыфіка, па-свойму робіцца кіно для беларусаў, па-іншаму — для замежнікаў. Наш фільм аднолькава цікавы для тых і для тых. Замежнікам я хацеў паказаць праўду пра Беларусь, у асноўным праз эмоцыі. Змаганьне за свабоду — тэма унівэрсальная, блізкая ўсім.»

У кастрычніку супольна з польскай тэлефізіяй, некаторымі недзяржаўнымі арганізацыямі Міраслаў Дэмбіньскі плянуе зладзіць вялікі канцэрт-кінапрэм’еру ў Варшаве, на якой, як ён мяркуе, выступяць і галоўныя героі фільму, і NRM, і тыя, хто фільм рабіў.

Неўзабаве фільм будзе паказаны ў Варшаве, у Ляйпцыгу ў Нямеччыне, у Амстэрдаме ў Галяндыі, будзе таксама паказ у Маскве. Пакажа гэты фільм тэлевізія ў Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Літвы.

Падчас паказу зь цёплымі й ўзьнёслымі словамі выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які таксама ёсьць адным з герояў фільму Міраслава Дэмбіньскага, які, ня здолеўшы прыехаць у Беларусь, бо яму не далі візу, прыслаў у электронным варыянце зварот да гледачоў.