Мітынг у Курапатах скончыўся ўсталяваньнем крыжоў

29/10/2006

Некалькі соцень ўдзельнікаў сёньняшняга памінальнага шэсьця ў Курапаты правялі мітынг сярод магіл ахвяр сталінізму і ўсталявалі ў народным мэмарыяле 12 новых крыжоў.

Традыцыйна на Дзяды ўдзельнікі шэсьця робяць ў Курапатах два прыпынкі: ля крыжа Пакутнікам Беларусі, дзе сьпяваюць гімн «Магутны Божа» і на горцы з крыжамі, якую ў народзе называюць Беларускай галгофай. Сярод сотняў прысутных была заўважаная група моладзі з партрэрамі палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца. На гэта зьвярнуў увагу адзін з лідэраў КХП БНФ Валеры Буйвал.

(Буйвал: ) «Усе мы сёньня адчулі, што нешта зьмянілася, а зьмянілася вось што: наперадзе і большасьць з тых, хто ішоў з намі сёньня — гэта беларуская моладзь. Радуецца душа, сэрца напаўняецца надзеяй у нашую будучыню, таму што з намі беларуская моладзь».

Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі разьвіў гэтую тэму:

(Беленькі: ) «Мы прыйшлі ўшанаваць дзядоў, але гаворым пра моладзь. Можа гэта парадокс — не! Гэта жыцьцёвая неабходнасьць, шануючы папярэднія пакаленьні, якія зрабілі ўсё, каб пакінуць нам гэтую цудоўную зямлю. Мы мусім глядзець наперад, каб застацца жыць самім, каб жылі нашыя дзеці і ўнукі».

Ад маладых слова далі новаму сябру КХП БНФ Янку Марозаву:

(Марозаў: ) «Хачу сказаць, што нам, беларусам, усім, хто жыве на гэтай зямлі, і старым і маладым, трэба трымацца разам. Бо толькі разам мы пераможа, трэба ўшаноўваць памяць, разам верыць змагацца і ўрэшце рэшт перамагаць».

Выступіў на мітынгу і былы вязень ГУЛАГу Пётар Шашкель, які 60 год таму ў 2-х гадовым узросьце патрапіў у высылку ў Краснаярскі край.

(Шашкель: ) «Тысячы, дзесяткі тысяч людзей загінулі ў астрогах, у лягерах, на лесапавале… У імя загінуўшых я зьвяртаюся да вас : бараніце нашу краіну, нашу Беларусь».

На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны ліст Зянона Пазьняка, які назваў Дзяды гэта сьвятам і паклясьціся перад продкамі на вернасьць Айчыне.

Сярод палітычных заклікаў прагучала прапанова кіраўніцтва КХП-БНФ байкатаваць выбары ў мясцовыя саветы і верагодны рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» прапанавалі прысутным прыйсьці заўтра да будынку суду Кастрычніцкага раёну Менску і падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, якога пачнуць судзіць паводле палітычных матываў.

Мітынг скончыўся малітвай сьвятара незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча і ўсталяваньнем новых 12 крыжоў.

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода