Актывістка апазіцыі, 46-гадовая Алеся Ясюк была затрыманая ўчора ў Менску падчас распаўсюджвання налепак «Джынс — за свабоду!». Жанчыну адвезлі ў апорны пункт міліцыі Ленінскага РАУС Менску, дзе яе збіў маёр міліцыі Фалей І.В. Судмедэкспертыза зафіксавала ў жанчыны пабоі. Зараз яна рыхтуе скаргу на неправамерныя дзеянні міліцыянера.
У апорным пункце міліцыі ў дачыненні Алесі Ясюк быў складзены пратакол аб парушэнні Указу прэзідэнта №31 «Аб добраўпарадкаванні жыллёвага фонду». У актывістаў таксама канфіскавалі 50 налепак.
«Мяне затрымаў на вуліцы Ракасоўскага ў Менску чалавек у цывільным, які, як высвятлілася пазней, быў супрацоўнікам дэпартамента аховы. На міліцэйскай машыне мяне адвезлі ў апорны пункт міліцыі Ленінскага РУУС Менску. Склалі пратакол, канфіскавалі 50 налепак, а потым, калі даведаліся, што з 2000 года мяне затрымоўвалі за распаўсюджванне інфармацыйных матэрыялаў больш за 10 разоў, заявілі, што завядуць на мяне справу і аштрафуюць не менш, чым на 5 мільёнаў. Потым мяне адправілі на дактыласкапічную экспертызу. Пратакол у дачыненні мяне складаў маёр міліцыі Фалей І.В. Калі я нахілілася да яго, каб паглядзець, што ён піша ў пратаколе, ён стукнуў мяне кулаком па галаве. Потым заявіў, што ў яго прысутнасці я павінна толькі стаяць. Калі жа я прысела на крэсла, ён нагамі выбіў з-пад мяне крэсла, а потым зноў стукнуў — гэтым разам кулаком у грудзі. Я звалілася на падлогу… Ён схапіў мяне за вопратку і стаў цягаць па падлозе», — распавяла прэс-цэнтру Хартыі’97 Алеся Ясюк.
Хартия-97