Ірына Красоўская: «Патрабаванні Казуліна павінны быць пачутыя ва ўсім свеце»

05/12/2006

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, палітвязень Аляксандр Казулін 47 дзён галадае ў выпраўленчай калоніі «Віцьба-3». Сёння за лёсам палітвязня з турботай сочаць у Беларусі і за мяжой. Стан яго здароўя выклікае сур`ёзную заклапочанасць медыкаў, за час зняволення ён ужо страціў 40 кілаграмаў вагі. Тым не менш палітык не спыняе галадоўку пратэсту, ён настойвае на выкананні свайго галоўнага патрабавання — разгляду сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Сітуацыю каментуе ўдава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

«Я захапляюся мужнасцю Аляксандра Казуліна, вельмі паважаю яго за тое, што ён робіць. Гэта вельмі сур`ёзны крок, такое самаахвяраванне можа абудзіць грамадскую думку, людзей, якія чакаюць, што сітуацыю ў краіне замест іх можа змяніць хтосьці іншы. Відавочна, што Аляксандр Казулін чалавек сур`ёзны і будзе ісці да канца. Але я вельмі хвалююся за ягонае здароўе. Наперадзе яшчэ шмат барацьбы, і мы павінны быць моцнымі і здаровымі, каб змагацца. Казулін павінен захаваць свае сілы для гэтай барацьбы.

Безумоўна, патрабаванні Аляксандра Казуліна павінны быць пачутыя. Мы робім усё, каб пра ягоны мужны ўчынак даведаліся як мага больш людзей і ў Беларусі, і за мяжой», — заявіла ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Ірына Красоўская.