Віцэ-старшыня Еўрапарламента: «Сёння скончыўся час словаў і жэстаў. Надышоў час канкрэтных дзеянняў»

11/12/2006

«Сённяшняе ўручэнне лідэру аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандру Мілінкевічу ўзнагароды імя Андрэя Сахарава зачыняе пэўны раздзел еўрапеізацыі беларускай праблематыкі. Праблема Беларусі сёння ў краінах Еўропы ўзнята на вельмі высокі ўзровень. Цяпер надышоў час, каб узмацніць гэтыя дзеянні ўсталяваннем для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі максімальна шырокай і шчодрай тэхнічнай і фінансавай дапамогі з боку ЕС. Час словаў і сімвалічных жэстаў скончыўся. Надышоў час для канкрэтных дзеянняў», — сказаў віцэ-старшыня Еўрапейскага парламенту Яцэк Сарыюш-Вольскі, адразу пасля заканчэння цырымоніі ўручэння ўзнагароды.

«Беларусь сёння з’яўляецца апошнім месцам у Еўропе, дзе правы чалавека свядома не шануюцца палітычнымі ўладамі краіны, — дадаў віцэ-старшыня Еўрапарламенту. — Таму, дзеянні Аляксандра Мілінкевіча і ўсёй беларускай апазіцыі, якой ён кіруе, надзвычай трапна ўпісваюцца ў місію ўзнагароды імя Андрэя Сахарава. Уручэнне яе Аляксандру Мілінкевічу з’яўляеца выразным сігналам для ўладаў у Мінску, што Еўрапейскі парламент і Еўрапейскі Саюз не забыліся на дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі і падтрымліваюць яе паслядоўна і ўсімі даступнымі сродкамі. Гэтая ўзнагарода можа таксама стаць гарантыяй асабістай бяспекі Аляксандра Мілінкевіча.»