ЗША будуць адсочваць свабоду інтэрнэта ў дыктатарскіх краінах

22/12/2006

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша будзе адсочваць свабоду доступа да інтэрнэту і весці маніторынг за працай інтэрнэт-правайдэраў у аўтарытарных краінах — Беларусі, Кітаі, Кубе, Іране, Эфіёпіі, Лаосе, Паўночнай Карэі, Тунісе і В`етнаме. Адпаведнае даручэнне дадзена адміністрацыяй у сераду Працоўнай групе па забеспячэнні свабоды ў глабальным інтэрнэце (Global Internet Freedom Task Force), створанай пры знешнепалітычным ведамстве ЗША. Сваю дзейнасць у рамках стратэгіі, якая была ўхваленая ў сераду, працоўная група будзе каардынаваць з іншымі структурамі амерыканскай адміністрацыі, уключаючы раду па нацыянальнай бяспецы пры прэзідэнце ЗША. «Гэтая новая стратэгія з`яўляецца папярэджаннем для тых рэжымаў, якія звяртаюцца да рэпрэсій у дачыненні інтэрнэту», — заявіў у заяве, якая была распаўсюджаная ў Вашынгтоне, старшыня падкамітэту палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, кангрэсмен-рэспубліканец Крыстафер Сміт.

Сміт паведаміў таксама, што пасля пачатку працы кангрэса новага склікання ў студзені ён занясе законапраект пад назвай «Акт аб глабальнай анлайн-свабодзе» (Global Online Freedom Act), які заканадаўча замацуе стратэгію, выпрацаваную працоўнай групай.

Законапраект «забароніць амерыканскім інтэрнэт-кампаніям супрацоўнічаць з рэпрэсіўнымі рэжымамі, якія абмяжоўваюць інфармацыю па правах чалавека і дэмакратыі ў інтэрнэце, а таксама выкарыстоўваюць інфармацыю асабістага характару для высочвання і пакарання дэмакратычных актывістаў», падкрэслівае ў сваёй заяве кангрэсмен.

Пры гэтым, адзначае ён, у адпаведнасці з законапраектам «перадача інтэрнэт-кампаніямі асабістых дадзеных аб карыстачах урадам для прыгнечання іншадумства будзе лічыцца крымінальным злачынствам».

«Кожная дыктатура абапіраецца на два слупы — сакрэтную паліцыю і прапаганду. Тыя інтэрнэт-кампаніі, якія падпарадкоўваюцца такім рэжымам, даюць магчымасць дыктатурам абапірацца на гэтыя слупы, дазваляючы распаўсюджваць хлусню і выяўляць людзей, чыё адзінае злачынства ў імкненні да свабоды і дэмакратыі», — гаворыцца ў заяве старшыні падкамітэта. Там сцвярджаюць, што «такія аўтарытарныя рэжымы як Кітай, Беларусь, Куба, Эфіёпія, Іран, Лаос, Паўночная Карэя, Туніс і В`етнам вядомыя тым, што блакавалі, абмяжоўвалі і кантралявалі свабодны паток інфармацыі ў інтэрнэце».

 

Хартыя’97