Барыс Гарэцкі і Ўладзімер Кацора трымаюць галадоўку

30/03/2007

У менскай турме на вуліцы Акрэсьціна застаецца актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Барыс Гарэцкі, у Гомельскай — Уладзімер Кацора. Каля дваццаці прэвэнтыўна арыштаваных актывістаў ужо на волі.

За кратамі турмы на вуліцы Акрэсьціна застаецца актывіст «Маладога фронту» Барыс Гарэцкі. Барыса затрымалі 21 сакавіка на вуліцы Валгаградзкай, калі ён выйшаў з пад’езду свайго дома. Міліцыянты дзейнічалі па стандартнай схеме: зрабілі дагляд рэчаў, забралі ўлёткі, а хлопца адвезьлі ў міліцыю.

А.Корбан: Гарэцкаму далі 12 сутак, каб ня ўдзельнічаў 2-га красавіка

Паплечнікі Барыса, якіх таксама затрымалі напярэдадні Дня Волі, лічаць, што Барыса арыштавалі на 12 сутак, каб не дапусьціць ягонага ўдзелу ў арганізацыі флэш-мобу ці іншай акцыі 2-красавіка — у афіцыйны Дзень беларуска-расейскага яднаньня.

Гаворыць Алег Корбан:

«Малады фронт» сёньня — самая асноўная лідуючая арганізацыя. Улады спрабавалі вычапіць найбольш актыўных сяброў, каб не дапусьціць іх на плошчу 25 сакавіка. Барыс Гарэцкі сёньня выконвае абавязкі лідэра. Яму таму й далі 12 сутак, каб ня ўдзельнічаў 2-га красавіка. Дакладней, не арганізаваў якія-небудзь флэш-мобы. Ягоная галадоўка, я думаю — добры адказ».

Як і Алегу Корбану, Барысу Гарэцкаму прад’явілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». На допыт Барыса вазілі з турмы на Акрэсьціна. Барыс Гарэцкі трымае галадоўку пратэсту супраць прэвэнтыўнага арышту ад 22 красавіка. Ён абвясьціў яе ў судовай залі адразу пасьля абвяшчэньня прысуду.

Галадоўку пратэсту трымае і Ўладзімер Кацора, намесьнік старшыні гомельскай абласной арганізацыі АГП. Спадара Кацору затрымалі пасьля акцыі 25 сакавіка і арыштавалі на пяць дзён, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

Атрошчанкаў засьведчыў пабоі ад міліцыянтаў

Аляксандар Атрошчанкаў адбыў пяць сутак арышту і выйшаў на волю ўчора. Сёньня ён засьведчыў пабоі, якія яму нанесьлі міліцыянты ў цывільным пад час затрыманьня, а таксама падаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія адмаўляліся прыняць заяву, каб зафіксаваць пабоі.

Сёньня зь Віцебскай турмы на волю выйшаў Барыс Хамайда. У панядзелак 2 красавіка будуць вызвалены Барыс Гарэцкі і Ўладзімер Кацора.

 

Любоў Лунёва
Радыё Свабода