Хто пусьціў Сьліжэўскага ў Вену?

30/03/2007

29-30 сакавіка ў Вене адбываецца дадатковая нарада па чалавечым вымярэньні АБСЭ, галоўны прадмет размовы — свабода аб’яднаньняў і сходаў, а таксама свабода выражэньня перакананьняў. 29 сакавіка абмяркоўвалася як раз свабода аб’яднаньняў у рэгіёне АБСЭ, куды ўваходзіць і Беларусь. Беларуская дэлегацыя, як прынята на такіх мерыпремствах, прадстаўленая прадстаўнікамі органаў улады і грамадзянскай супольнасьці. Як стала вядома «Эўрапейскаму радыё», у афіцыйную ўрадавую дэлегацыю ўваходзіць кіраўнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі, якому за ўдзел у ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў, зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і ЗША.

У Вене спадар Сліжэўскі натуральна ж прывёў статыстыку на карысьць інтэнсіўнага разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, казаў пра больш чым 2000 зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, хваліўся 17 палітычнымі партыямі, вялікай колькасьцю прафсаюзных арганізацыяў. Яму, безумоўна, запярэчылі. Але пытаньне, якое клапаціла і клапоціць удзельнікаў канфэрэнцыі ў Вене: чаму беларускі чыноўнік, якому Эўразьвяз забараніў уезд на сваю тэрыторыю вольна атрымлівае візу і кіруецца ў Вену. Удзельніца канфэрэнцыі, юрыст і праваабаронца Алена Танкачова бачыць гэтую сытуацыю дваяка:

«На мой погляд, калі такога кшталту рашэньне ў якасьці абмежаваньня было прынятае, то, напэўна, павінна існаваць пасьлядоўнасьць у прымяненьні», — кажа юрыст.

Алена Танкачова выразіла шчырае зьдзіўленьне дзеяньням Нямеччыны, якая цяпер старшыньствуе ў Эўразьвязе і павінна сачыць за выкананьнем усіх рашэньняў, але ў той жа час выдае візу Алегу Сьліжэўскаму.

Інфармацыі пра тое, што беларускі чыноўнік, якому забаронены ўезд у Эўразьвяз, удзельнічае ў канфэрэнцыі АБСЭ ў Вене, зьдзівіўся і дэпутат Эўрапейскага парляманту, да нядаўняга часу адзін з яго віцэ-старшыняў. Сёньня — віцэ-старшыня камісіі замежных справаў Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч:

«Я вельмі зьдзіўлены! Мне прыкра! Я меркаваў, што Эўразьвяз працуе больш спраўна, што тычыцца ажыцьцяўленьня сваіх пастаноў. Мяне гэта абурае. Трэба прыкласьці намаганьні, каб гэтую сытуацыю зьмяніць і высьветліць, як нешта падобнае магло здарыцца», — заявіў Януш Анышкевіч.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч апасаецца, што такое выкананьне ўласных рашэньняў Эўразьвязу можа мець вельмі кепскія наступствы перадусім для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі, паколькі самыя першасныя патрабаваньні Эўрасупольнасьці да беларускага рэжыму не выкананыя — хаця б тое ж вызваленьне палітвязьняў.

«Хацелася б, каб Эўразьвяз нарэшце больш адказна і больш сур’ёзна падыйшоў да стратэгічнага пытаньня магчымага дыялёгу з беларускімі ўладамі і наогул у дачыненьні да Беларусі», — заявіў палітык.