Свабоду маладафронтаўцам!

16/04/2007

15-мэтровая расьцяжка з лёзунгам «Свабоду маладафронтаўцам!» была вывешаная сёньня, у Дзень Салідарнасьці, на шматпавярховым гмаху на праспэкце Скарыны побач з мэтро Усход. Такім чынам актывісты Маладога Фронту працягваюць патрабаваць ад уладаў вызваліць палітычных зьняволеных.

Расьцяжка зьявілася на будынк ў 15:00 і правісела дзьве гадзіны, пабачыць яе пасьпелі некалькі тысячаў менчукоў, пасьля чаго расьцяжку зьнялі супрацоўнікі прэзыдэнцкай аховы. Трэба дадаць, што лёзунг быў вельмі добра бачны на даволі вялікай адлегласьці і яго можна было назіраць нават ад новага будынку бібліятэкі.

Такім чынам Малады Фронт працягвае праводзіць інфармацыйныя акцыі, каб нагадваць усім беларусам пра тое, што ў нашае краіне людзі сядзяць у турмах за свае палітычныя перакананьні. Моладзевы нацыянальны рух патрабуе ад уладаў неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў.

Нагадаем, што ў турме да гэтага часу знаходзіцца старшыня Маладога Фронту, Зьміцер Дашкевіч, адзін зь лідэраў руху, Артур Фінькевіч адбывае так званую «хімію» ў Магілёве, адзін з заснавальнікаў моладзевага нацыянальнага руху Павал Севярынец знаходзіцца на прымусовых працах у вёсцы Малое Сітна.

Да таго ж хутка павінен адбыцца чарговы суд — палітычная расправа рэжыму над пяцьцю актывістамі Маладога Фронту Зьмітром Хведаруком, Аляксеем Янушэўскім, Алегам Корбанам, Настай Палажанкай і Барысам Гарэцкім.

 

Прэс-служба МФ

Фота Юліі Дарашкевіч