Еўрапейскі Марш пройдзе 14 кастрычніка

14/08/2007

Дэмакратычныя сілы падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 14 кастрычніка Еўрапейскага Марша "За свабоду!". Еўрапейскі Марш павінен пачацца ў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска. Маршрут шэсця: па ходніках праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, дзе павінен прайсці мітынг. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску абвясцілі старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня аргкамітэта руху "За свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч, каардынатар Еўрапейскай кааліцыі, старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Палітыкі абвясцілі, што мэтамі акцыі з`яўляюцца дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларускага грамадства і рэалізацыя 12-ці прапаноў Еўразвяза па больш цеснаму і эфектыўнаму супрацоўніцтву з нашай краінай.

Дэмакратычныя сілы накіроўваюць беларускім службоўцам сігнал пра тое, што апазіцыя гатовая весці перамовы па правядзенні дэмакратычных рэформ з улікам іх інтарэсаў.

"Сталасць палітыкаў, як апазіцыйных, так і афіцыйных, вызначаецца не жаданнем канфрантацыі, а гатоўнасцю да дыялогу і кампрамісам, таму і прапаноўваецца на пэўнай акцыі, ініцыяванай дэмакратычнымі сіламі, паспрабаваць зразумець, наколькі мы гатовыя да кампрамісу дзеля будучыні нашай краіны. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра перамовы па пэўным мерапрыемстве, тым больш, што ўлады самі казалі, што неаднаразова запрашалі апазіцыю ўдзельнічаць у мерапрыемствах у падтрымку незалежнай Беларусі. Мы да гэтага гатовыя. З улікам таго, што адбываецца ў самой Беларусі і вакол краіны, становіцца відавочным, што змена ўлады непазбежная. Нам не абыякава, як гэта будзе адбывацца: пад ціскам Крамля або шляхам пошуку кампрамісу ўнутры краіны для абароны яе незалежнасці, у тым ліку і энергетычнай. На наш погляд, толькі гэта можа забяспечыць больш цеснае супрацоўніцтва з Еўропай і ўвогуле стратэгічны еўрапейскі выбар" , – заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску ініцыятар Еўрапейскага Марша, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.

Саннікаў асобна адзначыў ролю Віктара Івашкевіча ў арганізацыі практычнай працы па падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша.

"Звычайна ў таталітарных краінах акцыі апазіцыі – гэта акцыі супраціву супраць таго, што парушаюцца правы чалавека, супраць палітычных рэпрэсій, супраць выбарчых фарсаў. Еўрапейскі Марш – гэта не барацьба з кімсьці, гэта акцыя, якая можа адкрыць для Беларусі шлях у Еўропу, дзе наша краіна заўсёды была гістарычна. Перад намі сёння стаіць пытанне цывілізацыйнага выбару: або мы будзем удзельнічаць у стварэнні візантыйскай імперыі, або мы будзем інтэгравацца ў Еўропу. Колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць еўрапейскі выбар, няўхільна расце. Таму я спадзяюся, што акцыю, такую важную для лёсу Беларусі, падтрымаюць і ўлады", – адзначыў лідэр руху "За Свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч.

"Правядзенне Еўрапейскага Марша з`яўляецца часткай стратэгіі аб`яднаных дэмакратычных сілаў, і практычна ўсе суб`екты кааліцыі падтрымалі гэтую акцыю. Жыццё падштурхоўвае нас да таго, каб "не ляцець на адным крыле", як адзначыў сам Аляксандр Лукашэнка. Павінна быць збалансаваная знешняя палітыка і Беларусь, безумоўна, мусіць развіваць стасункі з Еўропай", – упэўнены лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

“Нават улады сёння зразумелі, што Беларусі неабходна паляпшаць стасункі з еўрапейскімі краінамі. Еўразвяз сёння прыйшоў да нашых меж. Еўрапейскі выбар для Беларусі выключна важны. Лозунгі еўрапейскай інтэграцыі найбольш блізкія беларусам. У іх ёсць усё для бедных і багатых, для маладых і пажылых. Гэта еўрапейскі ўзровень жыцця. Еўрапейская адукацыя. Свабода і дэмакратыя. Спадзяюся, што мы здолеем разам дамагчыся таго, каб Беларусь стала сябрам Еўрапейскага Звязу”, – сказаў каардынатар Еўрапейскай кааліцыі, старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Еўрапейскі Марш пройдзе пад лозунгамі: "Выкананне 12-ці прапаноў ЕЗ – гарантыя эканамічнай і энергетычнай бяспекі Беларусі", "За свабоду! За Беларусь!", "За еўрапейскія каштоўнасці!", "Дыялог улады і апазіцыі – умова дынамічнага развіцця краіны", "За Еўрапейскую Беларусь!", "Еўрапейскім цэнам – еўрапейскія зарплаты".

Заяўнікамі акцыі сталі старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, удзельнік грамадзянскай кампаніі "Джынс за Свабоду!" Яўген Афнагель, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня аргкамітэта руху "За Свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч, адзін з лідэраў "Маладога Фронту", удзельнік Еўрапейскай кааліцыі Зміцер Хведарук.

Правядзенне Еўрапейскага Марша падтрымалі: Еўрапейская кааліцыя, Партыя БНФ, рух "За Свабоду!", аргкамітэт Хартыі’97, грамадзянская кампанія "Джынс за Свабоду!", "Малады Фронт", Аб`яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя камуністаў Беларуская, арганізацыя "Вольная Моладзь", аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, аргкамітэт "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", шматлікія прадпрымальніцкія і грамадскія арганізацыі.

Віктар Івашкевіч паведаміў таксама пра стварэнне перамоўнай групы, якая будзе весці дыялог з уладамі з нагоды правядзення Еўрапейскага Марша. У перамоўную групу ўвайшлі заяўнікі акцыі, а таксама міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар, былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч, намеснік старшыні Партыі БНФ, прафесар Юры Хадыка і экс-кіраўнік Нацбанку РБ, прафесар Станіслаў Багданкевіч.

Нататка Хартыі’97: Беларускія службоўцы апошнім часам часта робяць заяву пра неабходнасць інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскія структуры. Так, спецпасланнік беларускага МЗС Сяргей Гайдукевіч заявіў, што Беларусь не павінна адмаўляцца ад інтэграцыі ў любыя еўрапейскія структуры, а амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, як піша газета "Zycie Warszawy", заявіў, што Беларусь праз 10 гадоў стане сябрам Еўразвяза.