Сёння ў Менску тры беларускія журналісты — Генадзь Барбарыч, Анатоль Гатоўчыц і Наталля Макушына — атрымалі прэміі Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм», якую штогод уручаюць расійскі «Первый канал» і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Акрамя гэтага, галоўнаму рэдактару «Народнай волі» Іосіфу Сярэдзічу быў уручаны Ганаровы дыплом імя Ігара Герменчука «За адданасць прынцыпам свабоды слова», заснаваны Нарвежскім ПЭН-цэнтрам i Нарвежскім Домам правоў чалавека (Human Rights House) разам з БАЖ. Цырымонія ўручэння была прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасці журналістаў, які адзначаўся 8 верасня.
На ўрачыстаць былі запрошаныя некалькі дзесяткаў журналістаў — найперш лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў, а таксама сваякі Дзмітрыя Завадскага. Узнагароды ўручалі старшыня БАЖ Жанна Літвіна і кіраўнік аддзелу спецпраектаў «Первого канала» Павел Шарамет. «Калі мы задумвалі гэтую прэмію, мы меркавалі, што яна будзе ўручацца тэлеаператарам і журналістам электронных СМІ, нагадаў П. Шарамет. — Але, на жаль, спіс магчымых лаўрэатаў быў вычарпаны даволі хутка, бо колькасць незалежных СМІ ў Беларусі «імкнецца да нуля». Таму мы зараз уручаем гэтую прэмію журналістам зыходзячы не з таго, у якіх медыях яны працуюць, а з таго, наколькі яны даказалі свой высокі прафесіяналізм і бездакорную рэпутацыю».
«Гэта вельмі ганаровая ўзнагарода для мяне, таму што яна звязана з імем Дзмітрыя Завадскага — сапраўды вельмі мужнага чалавека, — падкрэсліла Наталля Макушына. — На жаль, журналістам недзяржаўных СМІ сёння сапраўды, акрамя прафесіяналізму, патрэбна яшчэ і мужнасць. Хачу падзякаваць БАЖу, які заўсёды падтрымлівае нас ў цяжкіх сітуацыях, а таксама усім маім гродзенскім калегам. Я лічу, што кожны з нашых журналістаў сёння варты такіх узнагарод…»
«Гэта вялікі гонар — атрымаць прэмію Дзмітрыя Завадскага, які быў цалкам адданы сваёй прафесіі. З другога боку — крыху сумна, паколькі ўсё-такі ні ўлады, ні журналісты не здолелі высветліць яго лёс, — зазначыў А. Гатоўчыц. — Калі я сустракаюся з яго роднымі, у мяне заўсёды, яка кажуць, кошкі скрабуць на душы, бо ён загінуў не ў выніку нейкіх стыхійных бедстваў, а таму, што выконваў свае прафесійныя абавязкі».
Дыплом Ігара Герменчука ўручыла Іосіфу Сярэдзічу старшыня БАЖ Ж. Літвіна. «Ігар Гермянчук — гэта адно з імёнаў, якія з’яўляюцца сімваламі беларускай журналістыкі. Вельмі важна, каб мы яго не забылі, і каб яго не сцерлі нашыя штодзённыя клопаты. І абсалютна натуральна, што дыплом яго імя ўручаецца чалавеку, які мужна трымаецца прынцыпаў свабоды слова і адстойваў сваю рэдакцыю, нягледзячы на ўсе перашкоды», — зазначыла яна.
«Я ганаруся, што трымаю дыплом імя Ігара Герменчука. Я добра ведаў гэтага чалавека, які быў не проста журналістам, які цудоўна пісаў і прафесійна рэдагаваў газету, але і перажываў за ўсё, што адбываецца з яго краінай», — зазначыў Іосіф Сярэдзіч.
Прэмія Дзмітрыя Завадскага ўручаецца з 2002 года. У папярэднія гады яе лаўрэатамі былі тэлеаператары Сяргей Гельбах, Сяргей Пушкін, Канстанцін Марозаў, Уладзімір Андронаў, Уладзімір Бабарыка, Уладзімір Косцін, фотакарэспандэнты Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка і Юлія Дарашкевіч, журналісты Андрэй Дынько, Ірына Халіп, Любоў Лунёва, Леанід Міндлін, Марына Коктыш, Алена Слаў, Алесь Ліпай, Анжэй Пісальнік, Сяргей Сацук, Алег Улевіч.
Дыплом імя Ігара Герменчука ўпершыню быў уручаны ў 2005 годзе галоўнай рэдактарцы гродзенскай газеты «Биржа информации» Алене Раўбецкай.
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»