Актывіста Сяргея Клюева арыштавалі на 10 сутак

17/09/2007

Суд Савецкага раёну Менску пакараў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Клюева.

Моладзевага актывіста затрымала міліцыя 14 верасьня каля будынку філярмоніі. Міліцыянты знайшлі ў Сяргея Клюева налепкі з інфармацыяй пра «Эўрапейскі марш» і склалі на яго пратакол.

На працэс у Савецкім судзе, які адбыўся 17 верасьня, Сяргея Клюева прывезьлі з высокай тэмпэратурай. Актывіст папрасіў выклікаць хуткую дапамогу, але міліцыянты адмовіліся.

Прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кацярына Ткачэнка паведаміла, што ў судзе міліцыянты таксама адмовіліся ўзяць цёплыя рэчы для Сяргея Клюева:

«Адмовіліся таксама прыняць для яго ваду і спальнік, хаця ў Клюева тэмпэратура 37,7 і ёсьць меркаваньне, што ён хворы на гаймарыт».

Намесьнік начальніка Савецкага райаддзелу Ўладзімер Сацюк паведаміў, што Сяргей Клюеў будзе адбываць пакараньне ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, і параіў адвезьці перадачы туды.