У Італіі прайшла акцыя за свабодную Беларусь

26/09/2007

З нагоды адкрыцця ганаровага консульства Беларусі на італьянскай выспе Сардзінія, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовых улад, мясцовая асацыяцыя Радыкальнай партыі правяла дэманстрацыю ў падтрымку барацьбы беларускіх дэмакратаў за свабоду.

У гэты ж дзень у Нью-Ёрку адкрылася 62-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН, на якую павінен быць вынесены падрыхтаваны з ініцыятывы Італіі праект рэзалюцыі аб усталяванні сусветнага мараторыя на спаўненне смяротных прысудаў. Акцыя радыкалаў была таксама накіраваная ў падтрымку міжнароднай кампаніі за ўсталяванне мараторыя ААН на пакаранне смерцю.

Арганізатары дэманстрацыі ля беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва, якое адкрылася ў Кальяры, таксама падкрэслілі, што Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываецца пакаранне смерцю, прадугледжанае за 14 злачынстваў. Больш за тое, беларускія ўлады разглядаюць любую інфармацыю пра гэта ў якасці «дзяржаўнай тайны». Колькасць пакаранняў у краіне не вядомая. Летась у выкананне былі прыведзеныя, па меншай меры, пяць смяротных прысудаў. Улады не інфармуюць пра дзень пакарання ні саміх асуджаных, ні іх сваякоў. Целы пакараных не выдаюць іх сем’ям, а самі месцы пахавання трымаюцца ў сакрэце, паведаміла Інфармацыйнае агенцтва ПРЫМА-News.